НЕ - ВАЙНЕ!
329

На ўкраінскім КПП мы ўсе плакалі ад радасці. Замежным журналістам удалося выратаваць сябе і групу жыхароў Ірпеня

09.03.2022 Крыніца: Прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў

Аўтамабіль замежных журналістаў з надпісам «Прэса» павёў эвакуацыйны канвой і выратаваў ад абстрэлу ў Ірпені пад Кіевам групу мірных украінцаў.

Пра гэта партнёрам БАЖ – Нацыянальнаму саюзу журналістаў Украіны – распавёў непасрэдны удзельнік падзеяў: журналіст брытанскага панарабскага тэлеканала AlAraby Аднан Кэн Атэйцюркмен.

Цяпер у Кіеве знаходзіцца ў бяспецы здымачная група міжнародных тэлевядучых, якія апошнія чатыры дні тэлефанавалі ва ўкраінскія і міжнародныя СМІ ў сувязі са сваёй смяротнай небяспекай: яны апынуліся аточанымі ў зоне баявых дзеянняў разам з групай мірных жыхароў Ірпеня і чатыры дні правялі пад абстрэламі.

Аднан эмацыйна называе сваё выратаванне разам з 20 украінцамі цудам, калі ў роспачы знясіленыя закладнікі адважыліся ісці калонай наўпрост да блокпоста расійскіх захопнікаў:

– Мы правялі ў аблозе 4 дні і 4 ночы ў месцы каля 2 кіламетраў пад Ірпенем. Мы чакалі гуманітарных арганізацый або Чырвонага Крыжа, але яны не змаглі да нас даехаць. На жаль, расійская армія паставіла ў гэтым раёне блокпосты, і ніхто не мог да нас дабрацца. Таму мы вырашылі рызыкнуць, бо не маглі там застацца без ежы, электрычнасці, інтэрнэту, сувязі, вады. Мы абмеркавалі, што рабіць, і ў рэшце рэшт вырашылі рызыкнуць і пайсці па дарозе з нашага месца ў Кіеў.

У нас былі машыны, таму мы сфармавалі калону. Мы з калегам Хабіпам былі ў пачатку калоны на машыне з надпісам «Прэса» і белым сцягам. Мы пачалі свой шлях па небяспечнай дарозе, убачылі каля дарогі шмат знішчаных грамадзянскіх машын, трупаў мірных жыхароў. Мы пераадолелі каля 1 кіламетра, і расійскія салдаты перагарадзілі нам дарогу.

Яны абшукалі нашу машыну, забралі, паглядзелі на камеру і прапусцілі праз блокпост. Пасля гэтага яны па чарзе спынялі кожны грамадзянскі аўтамабіль і правяралі яго. Нам усім дазволілі перайсці праз блокпост і ісці далей. Прыкладна праз 2 кіламетры мы нарэшце сустрэлі ўкраінскіх вайскоўцаў, гэта быў блокпост украінскай арміі.

Гэта быў вельмі эмацыянальны момант. Мы ўсе плакалі на блокпосце ўкраінскай арміі, мы абдымаліся – жанчыны, мужчыны – усе плакалі.

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!