812

На сайт «Беларускага Радыё Рацыя» была DDoS-атака

24.06.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У сераду, 24 чэрвеня, практычна цягам усяго дня не было доступу да сайта «Беларускага Радыё Рацыя». Супрацоўнікі таксама не мелі доступу і да яго сістэмы адміністравання.

 

На працягу ўсяго дня падчас спробы зайсці на інфармацыйны рэсурс «Беларускага Радыё Рацыя» (racyja.com) у браўзеры з'яўлялася паведамленне «error 521». Гэтая памылка ўзнікае, калі вэб-сервер раптоўна губляе сувязь з сэрвісам CloudFlare. Шматлікія інтэрнэт-рэсурсы выкарыстоўваюць гэты сэрвіс для дадатковай абароны ад DDoS-атак і паскарэння ладавання кантэнту сваіх сайтаў. CloudFlare забяспечвае гэта праз перанакіраванне трафіку на сайт з дапамогай воблачнага проксі-сервера.

DDos-атака (distributed denial-of-service) здзяйсняецца звычайна з дапамогай бот-сеціва, якое няспынна генеруе вялікую колькасць пакетаў альбо запытаў на мэтавую сістэму, якая ў выніку перагружаецца.

Прычынай таго, што вэб-сервер згубіў сувязь з CloudFlare, могуць быць два фактары:

- сервер не адказвае альбо недаступны — у гэтым выпадку трэба праверыць працаздольнасць сэрвера;

- вэб-сервер блакуе запыты CloudFlare. Часам сістэма бяспекі хостынгу ўспрымае пастаянныя падлучэнні з адных і тых жа IP-адрасоў за DDoS-атаку. У выніку CloudFlare абмяжоўвае ці наўпрост блакуе хуткасць на гэтыя адрасы.

Па стане на вечар 24 чэрвеня доступ да сайта «Беларускага Радыё Рацыя» не адноўлены. Сэрвіс CloudFlare прапануе доступ толькі да снэпшота (рэзервовая копія) сайта, які знаходзіцца ў рэжыме афлайн.

Карэспандэнту службы маніторынгу ГА «БАЖ» супрацоўнікі радыё паведамілі, што служба тэхнічнай падтрымкі працуе над вырашэннем праблемы блакавання сайта і абяцае вярнуць да яго доступ найбліжэйшым часам.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!