2050

На пажары ў Гомелі на журналістаў напалі ахоўнікі з кіямі і лаянкай

12.04.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Гомелі 12 красавіка гарэла прадпрыемства па выпуску шпалераў – ААТ “Фокс”, якое месціцца ў цэнтральнай частцы горада. Наваколле засцілала дымам, над дахам выбівалася адкрытае полымя.

Журналісты здымалі пажар на фота і відэа праз металічную агароджу.

“Нечакана на нас накінуліся ахоўнікі ААТ “Фокс” – з  палкамі і нецэнзурнай лаянкай.  Яны сталі закрываць з унутранага боку агароджы пажар ад журналістаў разгорнутымі шпалерамі і кідаць кіёчкамі. Маўляў, гэта прыватная ўласнасць, пайшлі прэч. Мінакі, што назіралі за пажарам, абураліся з воклічамі: “Свабоду прэсе!””, – распавяла відавочца падзеяў, карэспандэнтка БелаПАН Алена Германовіч.

Нягледзячы на агрэсіўнасць аховы, журналісты здолелі зафіксаваць падзею на фота і відэа.

Гэта ўжо не першы пажар на фабрыцы – папярэдні адбыўся 24 лістапада 2011 года. Супрацоўнікам рэгіянальнага ўпраўлення Міністэрства надзвычайных сытуацый даводзілася адначасова і тушыць полымя, і эвакуяваць гатовую прадукцыю прадпрыемства.

Нагадаем, што 7 красавіка ў Стоўбцах (Мінская вобл.) нервовую рэакцыю на журналістаў выказала таксама ахова філіі Мінскага маторнага завода. Тады незалежную журналістку Ганну Нежавец і аператара Аляксандра Масальскага змусілі пісаць тлумачальную, хаця яны нават не знаходзіліся на тэрыторыі завода. У той жа дзень ахоўнік рынку ў Слуцку выклікаў на журналістаў міліцыю, зрэагаваўшы такім чынам на з'яўленне камеры.

Дзе можна паглядзець спіс установаў, здымаць якія журналістам без спецыяльнага дазволу забаронена?

Фотофакт. Охрана фабрики не давала журналистам снимать пожар, закрывая обзор обоями