545 0

На незалежных журналістаў з Глыбокага Таццяну Смоткіну і Змітра Лупача склалі адразу пяць пратаколаў

28.05.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

28 траўня старшы інспектар па дазваляльнай працы, капітан міліцыі Сяргей Цырбан склаў два адміністрацыйныя пратаколы на Змітра Лупача і тры на Таццяну Смоткіну. У дачыненні да іх зноў распачатыя справы паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП, ім інкрымінуецца парушэнне артыкула 35 Закона аб СМІ.

 

Таццяна Смоткіна

Глыбоцкіх журналістаў вінавацяць у тым, што яны ўзялі інтэрв’ю ў людзей і здзейснілі незаконны выраб прадукцыі СМІ. Матэрыялы з’явіліся на сайце “Беларускага Радыё Рацыя” пад назвамі “Бязмежжа міліцыянтаў, або за што ламаюць ногі пенсіянерам”, “Як гарадская каналізацыя ў Глыбокім стварыла праблемы”, “Юбілейныя сімвалы ў Глыбокім”.

А таксама на тэлеканале “Белсат” — “Чаму міліцыянты збіваюць пенсіянераў?”.

Паводле слоў Таццяны Смоткінай і Змітра Лупача, яны зноў напісалі ў пратаколах, што з абвінавачваннямі нязгодныя. Бо ў Канстытуцыі Беларусі замацаванае права грамадзян збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Таму прыцягваюцца да адказнасці ў парушэнне галоўнага дакумента краіны і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які падпісала і ратыфікавала Рэспубліка Беларусь.