1784

На мяжы затрымалі 47 асобнікаў справаздачы праваабаронцаў (ДАПОЎНЕНА)

16.03.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Барацьба з экстрэмізмам

Як паведаміў сайт spring96.org, 13 сакавіка на літоўска-беларускім памежным пераходзе Каменны Лог мытнікі затрымалі агляд-хроніку «Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2014 годзе» і яго англамоўны варыянт «Situation of Human Right in Belarus in 2014» – усяго 47 асобнікаў.

Асобнікі агляду-хронікі перавозіў на сваім асабістым аўтамабілі смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў.

“Старшы інспектар Ашмянскай мытні А. Шумскі склаў Акт мытнага дагляду аўтамабіля і Акт адбору проб і ўзораў тавараў для асабістага карыстання, якія перамяшчаліся з Літвы ў Беларусь. 47 асобнікаў выдання, хутчэй за ўсё, будуць накіраваныя на экспертызу, якая павінна ўстанавіць, ці можна ўвозіць у Беларусь гэтыя кнігі”, – піша spring96.org.

Штогадовую Агляд-хроніку “Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2014 годзе” выдае Праваабарончы цэнтр “Вясна” на падставе аглядаў з сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

Летась ГА “БАЖ” налічыла як мінімум 5 выпадкаў вынятку друкаванай літаратуры на мяжы, два з іх тычыліся справаздач праваабарончых арганізацый (прыватнай культурна-асветніцкай установы “Платформа інавэйшн”, а таксама РПГА “БХК” і The Equal Rights Trust). Падрабязней пра гэтыя ды іншыя выпадкі – тут.

Пра яшчэ адзін нядаўні выпадак паведаміла 16 сакавіка Радыё "Свабода". На польска-беларускай мяжы 14 сакавіка мытнікі забралі ў гісторыка Паліны Шарэнда-Панасюк, якая ехала з Варшавы цягніком, 5 асобнікаў кнігі «Гістарычныя гарадскія ансамблі ў часы перамен» – зборнік матэрыялаў міжнароднай навуковай канфэрэнцыі ў Польшчы ў 2014 годзе. Пазней Брэсцкая мытня паведаміла рэдактарцы кнігі Ірыне Лаўроўскай, што "кнігі забралі на экспертызу ў спецыяльныя службы". Колькі будзе доўжыцца экспэртыза, мытнікі не ўдакладнілі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!