375

На мяжы мытнікі забралі ноўтбук журналісткі на праверку

18.11.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Увечары 17 лістапада гомельская журналістка, сябра ГА "БАЖ" Ларыса Шчыракова вярталася з сынам на радзіму пасля адпачынку ў Егіпце.

"На памежным пераходзе "Новая Гута" з нашай групы асабістыя рэчы даглядалі надзвычай уважліва толькі ў мяне. Убачыўшы ноўтбук, інспектар запытаўся, чый ён. Я адказала, што мой. Склалі акт вынятку і забралі ноўтбук для праверкі — на цэлых 20 дзён. Пасля паездкі я мушу дзесяць дзён быць на самаізаляцыі. Аднак мне няма на чым працаваць", — паведаміла карэспандэнту службы маніторынгу ГА "БАЖ" Шчыракова.

Журналістка дадала, што ў яе ноўтбуку захоўваюцца прыватныя здымкі, перапіска. Раней у Шчыраковай забіралі на праверку асабісты камп’ютар супрацоўнікі мясцовага ўпраўлення КДБ. Пасля гэтага нават інтымныя фотаздымкі з камп’ютара нейкім чынам апынуліся ў свабодным доступе ў інтэрнэце.

"Я апасаюся паўтарэння падобнага сцэнару", — зазначыла Ларыса Шчыракова.

Здараўся і зусім камічны выпадак. Колькі гадоў таму журналістка паехала ў падарожжа ў Непал. Будучы ў Гімалаях, зрабіла фотарэпартаж “Краявіды, ад якіх займае дух. Найвышэйшыя горы ў свеце вачыма гамельчукоў”, які быў апублікаваны на сайце польскага спадарожнікавага тэлеканала "Белсат". Тады міліцыя абвінаваціла журналістку ў працы без акрэдытацыі на карысць замежнага СМІ і склала адміністрацыйны пратакол за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ паводле ч. 2, арт. 22.9 КаАП. У Непала прэтэнзій да журналісткі не было, а ў Беларусі з’явіліся.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!