405 0

На круглым стале ў Крычаве абмеркавалі змены ў Закон “Аб СМІ”

14.05.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", фота С.Панізоўцава

У Крычаве 11 траўня адбыўся круглы стол, падчас якога мясцовыя журналісты і грамадскія актывісты абмеркавалі прапанаваныя Міністэрствам інфармацыі змены ў заканадаўства аб СМІ.

kolny_stol_3.jpg

Удзел у абмеркаванні прынялі прадстаўнікі з рэгіёнаў усходняй Магілёўшчыны. У госці да крычаўскіх бажаўцаў таксама завіталі старшыня ГА “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Андрэй Бастунец, яго намеснікі Аліна Суравец і Алег Агееў, старшыня Магілёўскай суполкі арганізацыі Барыс Вырвіч.

Распачаў сустрэчу Андрэй Бастунец – ён падрабязна распавёў удзельнікам круглага стала пра тое, як і наколькі ўжо прынятыя ў першым чытанні Палаты прадстаўнікоў змены ў заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі могуць ускладніць працу медыярэсурсаў і журналістаў. А. Бастунец выказаў меркаванне, што гэтыя папраўкі ў Закон “Аб СМІ” прывядуць да значнага пашырэння кантролю з боку дзяржавы ў медыясферы, значна павялічыцца “зона забароны”.

Таксама старшыня ГА “БАЖ” праінфармаваў пра тое, якія высілкі робяцца кіраўніцтвам арганізацыі для недапушчэння негатыўных зменаў у заканадаўства аб рэгуляванні медыясферы.

А. Бастунцу давялося адказваць на шматлікія пытанні ўдзельнікаў круглага стала, расказваць, якія высілкі плануе ажыццявіць ГА “БАЖ” для таго, каб пераадолець чарговую адмову Міністэрства культуры ўнесці ГА “БАЖ” у пералік творчых арганізацый, што робіць журналісцкае аб’яднанне таго, каб абараніць журналістаў ад пераследу па ч. 2 арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь (“Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”).

img_2619.jpg

Дапоўніў выступ старшыні ГА “БАЖ” яго намеснік Алег Агееў. Ён азнаёміў удзельнікаў сустрэчы з заўвагамі і прапановамі да праекта паправак, што тычацца рэгулявання сферы СМІ, падрыхтаванымі ГА “БАЖ”, якія былі накіраваныя для разгляду дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Юрыстамі БАЖу быў падрыхтаваны дакумент на 19 старонках, у якім выкладзеныя заўвагі адносна законапраекта з просьбай дапрацаваць яго і правесці сумеснае з журналісцкай супольнасцю абмеркаванне паправак.

Па словах А. Агеева, абсалютна незразумела, ці прыслухаюцца беларускія ўлады да меркавання ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, прадстаўнікоў незалежных медыя і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай, але пакуль спадзявання на гэта не вельмі шмат.

Кіраўнік Магілёўскай суполкі БАЖу Барыс Вырвіч падзякаваў крычаўскім журналістам за іх працу па данясенні незаангажаванай інфармацыі да чытачоў усходняй Магілёўшчыны. Ён адзначыў, што вось ужо 20 гадоў крычаўская газета “Вольны горад” з’яўляецца адным з лідараў сярод недзяржаўных СМІ Магілёўшчыны, яна здолела атрымаць вялікую папулярнасць сярод шырокага кола чытачоў рэгіёна.

Б. Вырвіч распавёў удзельнікам сустрэчы пра тое, у якім стане зараз знаходзяцца незалежныя СМІ ў Магілёўскай вобласці. Ён адзначыў тое, што, на вялікі жаль, сітуацыя не вельмі добрая, колькасць незалежных СМІ ў рэгіёне ўвесь час скарачаецца, пакідае жадаць лепшага іх фінансавы стан. Асноўны незалежны абласны інтэрнет-партал “Магілёўскі рэгіён” зараз фактычна працуе на валанцёрскіх пачатках, існуюць вялікія праблемы і ў іншых недзяржаўных СМІ рэгіёна. Спадар Вырвіч адказаў на пытанні ўдзельнікаў круглага стала наконт перспектыў аднаўлення паўнавартаснай дзейнасці “Магілёўскага рэгіёна” (многія незалежныя журналісты ўсходняй Магілёўшчыны цесна супрацоўнічаюць з гэтым інтэрнет-рэсурсам), расказаў пра працу ў гэтым накірунку, падзяліўся інфармацыяй наконт далейшых планаў дзейнасці Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ” і незалежных медыярэсурсаў вобласці.

Рэдактар газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны адзначыў, што, нягледзечы на ўсе цяжкасці, газета здолела нямала зрабіць для развіцця Крычава і ўсяго ўсходняга рэгіёна Магілёўшчыны. За 20 год свайго існавання “Вольны горад” знайшоў і захаваў свайго чытача. Газета выконвае галоўнае сваё прызначэнне – дапамагаць людзям рабіць у жыцці правільны выбар, прымаць правільныя рашэнні.

Нязменны рэдактар “Вольнага горада” падзякаваў былым і цяперашнім супрацоўнікам газеты за іх уклад у ўзмацненне патэнцыялу газеты, асабліва адзначыўшы пры гэтым ролю яе выдаўца Уладзіміра Кудраўцава, такіх яе аўтараў, як Сяргей Аржанцаў, Мікалай Гердзій, Сямён Панізоўцаў, Фелікс Шкірманкоў, Мікалай Царкоў і іншых.

Сяргей Няроўны таксама выказаў сваё меркаванне наконт зменаў у заканадаўства аб СМІ, падкрэсліўшы, што яны зноў накіраваныя на ўскладненне дзейнасці незалежных медыярэсурсаў і журналістаў.

Падчас дыскусіі на круглым стале свае меркаванні на гэты конт таксама выказалі журналіст з Клімавічаў Сяргей Аржанцаў, сябар БАЖу з Чэрыкава Сямен Панізоўцаў, Мікалай Федарэнка, выдавец газеты “Вольны горад” Уладзімір Кудраўцаў, іншыя ўдзельнікі круглага стала.

Пасля сканчэння абмеркавання зменаў у заканадаўства аб СМІ старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец і яго намесніца Аліна Суравец ад імя ўсіх сябраў арганізацыі павіншавалі калектыў газеты “Вольны горад” са значным юбілеем – 20-годдзем з дня выхаду першага нумара выдання.

Крычаўскаму штотыднёвіку "Вольны горад” 20 красавіка – якраз у дзень правядзення Х з’езду ГА “БАЖ” – споўнілася 20 гадоў.

Напрыканцы ўдзельнікі сустрэчы тортам і гарбатай адсвяткавалі 20-годдзе “Вольнага горада”. Андрэй Бастунец пад гітару выканаў некалькі сваіх песен, такім чынам таксама павіншаваўшы журналістаў газеты з юбілеем.

krichev_11_5_2018_foto1.jpg

Каментары