308

На Дзяржынскага затрымалі цэлую здымачную групу фільма? Што вядома на гэты момант

24.06.2021 Крыніца: Наша Ніва

Пасля 18.00 чытачы «Нашай Нівы» пачалі паведамляць пра тое, што на Дзяржынскага, 11 прыпаркаваўся бус з амапаўцамі. Гэта ж пацвярджалася іншымі паведамленнямі пра тэрміновы выезд спецтранспарту у бок Грушаўкі прыблізна ў той самы час.

Пазней стала вядома, што па гэтым адрасе нібыта адбылося затрыманне вялікай групы людзей, усіх іх даставілі ў Маскоўскае РУУС. Паводле папярэдняй інфармацыі, затрымалі здымачную групу фільма: некалькі чалавек паспелі адправіць паведамленні, што на пляцоўцы з’явілася міліцыя, пасля сувязь з усімі членамі групы знікла.

Па даных тэлеграм-канала «Священный белавуд», сярод затрыманых — спецыяліст па асвятляльным абсталяванні Андрэй Аўсянікаў. 

Дзяжурны Маскоўскага РУУС коратка паведаміў «Нашай Ніве», што здымачная група затрымлівалася «іншым падраздзяленнем», падрабязнасцяў яны не маюць. Пры гэтым там жа паабяцалі, што ўсе затрыманыя сёння будуць адпушчаныя дадому.

Людзей ноччу сапраўды пачалі адпускаць. Тыя, хто выйшаў, ананімна распавялі, што міліцыянеры цікавіліся пра што здымаўся фільм, ці будзе ў ім бел-чырвона-белая сімволіка, хто фінансуе.

«Здымалася проста дыпломная праца маладога рэжысёра, меладрама «Рамонт кахання», а затрымалі амаль 20 чалавек, апытвалі, прасілі прадэманстраваць змест тэлефонаў. Апошнімі ў няволі заставаліся дакладна рэжысёр і аператар», — перадаў адзін з членаў каманды.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!