555

На брэсцкага фрылансера Яўгена Скрабца склалі пратакол за рэпартаж з бібліятэкі

24.10.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Падставай стала публікацыя пад назвай “Графіці на сценах Берасцейскай фартэцыі”, што з’явілася амаль месяц таму на сайце “Радыё Рацыя”.

Яўген Скрабец

Матэрыял быў прысвечаны прэзентацыі з удзелам мясцовага краязнаўцы і даследчыка Івана Чайчыца, якая адбылася ў Брэсцкай гарадской бібліятэцы імя Пушкіна.

Аднак капітана міліцыі Дзмітрыя Селяйковіча, які складаў адміністрацыйны пратакол, цікавілі не падрабязнасці гэтай прэзентацыі, а чаму фрылансер Яўген Скрабец “злоўжываў правамі і парушыў абавязкі журналіста”, бо не меў акрэдытацыі ад Міністэрства замежных спраў для працы на замежныя сродкі масавай інфармацыі.

“Сам пратакол мае вельмі незвычайную форму, бо склеены стэплерам, — распавёў службе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Яўген Скрабец. — Супрацоўнік міліцыі спаслаўся, што не было капіркі, пасля спрабаваў вярнуць пратакол, каб перарабіць, але ў выніку дакумент застаўся ў мяне”.

Позва ў суд Ленінскага раёна Брэста выпісана на 30 кастрычніка — на дзень народзінаў Яўгена Скрабца. Ён таксама адзначыў, што ў якасці сведкі ў гэтай справе пазначаная дырэктар бібліятэкі, з якой фрылансер не размаўляў і нават не бачыў яе.

Акрамя таго, брэсцкага журналіста 28 кастрычніка ў чарговы раз выклікаюць у апорны пункт міліцыі. Як і раней, гэта робіцца ў нядзелю ў той самы час, калі на плошчы Леніна ў Брэсце збіраюцца людзі, якія выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.