263 0

На брэсцкага блогера Пятрухіна завялі крымінальную справу абразу

25.07.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Як паведаміў Сяргей Пятрухін, справа заведзеная паводле часткі 2 артыкула 189 Крымінальнага кодэкса РБ (“абраза”). Аднак сам ён пакуль не ведае, што з’явілася падставай для крымінальнага пераследу.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/e2ab8f01-a1ff-48ce-9654-ee0963776316_w1023_r1_s.jpg

Паводле блогера, 24 ліпеня ён атрымаў па пошце позву, у якой пазначана, што раніцай 23 ліпеня мусіў быў з'явіцца ў Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта. У якім стасусе – у позве не пазначана.

“Я пакуль не магу нешта казаць, бо сам яшчэ нічога не ведаю, акрамя таго, што крымінальная справа сапраўды распачатая”, – кажа Сяргей Пятрухін. Ісці ў Следчы камітэт ён мае намер толькі тады, калі атрымае належным чынам аформленую позву.

Санкцыя артыкула 189 КК (“Абраза, нанесеная ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў сродках масавай інфармацыі”) прадугледжвае штраф, або папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў.

Раней брэсцкі блогер Сяргей Пятрухін неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. У прыватнасці, яго штрафавалі за відэаролікі для YouTube-канала “Народны рэпарцёр”, калі разам з калегам з Бярозы Аляксандрам Кабанавым асвятлялі сітуацыю вакол будаўніцтва пад Брэстам акумулятарнага завода “АйПауэр”.

Сёлета 12 траўня супрацоўнікі міліцыі разам з АМОНам прыйшлі ў кватэру да Сяргея Пятрухіна і забралі ноўтбук, планшэт, тэлефон і фотаапарат. Аднак ці звязаны той ператрус з заведзенай крымінальнай справай, блогер пакуль не ведае.

Каментары