1548 0

На беларускую журналістку міліцыя склала пратакол за фотарэпартаж з Непала

05.07.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

Незалежная журналістка з Гомеля Ларыса Шчыракова пабывала ў Гімалаях. Пасля вяртання яе наведаў участковы інспектар і склад адміністрацыйны пратакол.

Участковы інспектар Сяргей Прымакоў абвінаваціў журналістку ў працу без акрэдытацыі на карысць спадарожнікавага тэлеканала "Белсат" (Незаконны выраб альбо распаўсюд прадукцыі СМІ, ч.2, артыкул 22.9 КаАП).

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/14y.jpg

Фотарэпартаж быў змешчаны на сайце тэлеканала 16 траўня пад назвай “Краявіды, ад якіх займае дух. Найвышэйшыя горы ў свеце вачыма гамельчукоў”.

“У беларускіх міліцыянтаў дзіўная логіка: фотаздымкі я рабіла у Непале ў Гімалаях, падчас узыходжання на гару Манаслу, а мяне вінавацяць, што я, будучы неакрэдытаванай у Рэспубліцы Беларусь, ажыццяўляла прафесійную дзейнасьць як журналістка замежнага СМІ.

У Непале да мяне прэтэнзіяў не было, а ў  роднай Беларусі з’явіліся. Так і хочацца паўтарыць словы з вядомага шлягера: “Адпусціце мяне ў Гімалаі”, — сказала Ларыса Шчыракова службе маніторынга ГА “БАЖ”.

Журналістка звяртае ўвагу на недарэчнасьць і іншых фармулёвак у адміністрацыйным пратаколе. Паводле ўчастковага Прымакова, яна нібыта размясціла “артыкул у выглядзе сюжэта ў эфіры тэлеканала”, хоць фотарэпартаж быў змешчаны толькі на сайце.

“І смех, і грэх. Але ж такую абракадабру суды разглядаюць усур’ёз і выносяць астранамічныя штрафы”, — дадае  Шчыракова.

Калі суд Гомельскага раёна разгледзіць вышэйзгаданы міліцэйскі пратакол, пакуль невядома — позвы яшчэ няма.

Тым часам 6 ліпеня  журналістку Шчыракову выклікаюць у Рэчыцкі раённы суд — мусіць адбыцца суд ізноў-такі за журналісцкую дзейнасць без акрэдытацыі. Ларысу абвінавачваюць у падрыхтоўцы сюжэта "Сёння ў бітумнай яме гіне жывёла, заўтра — людзі?”

Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (табліца, абнаўляецца)

Каментары