У пачатку брыфінга было заяўлена, што "Раман Дзмітрыевіч меў жаданне пагаварыць са СМІ, і мы знайшлі такую легальную магчымасць".
Карэспандэнт BBC Джона Фішэр пакінуў брыфінг МЗС у Мінску, куды прывялі Рамана Пратасевіча. «Мы толькі што выйшлі. Не прымаем удзелу, калі ён відавочна знаходзіцца там пад прымусам», — напісаў ён у твітары.
У пачатку брыфінга Раман Пратасевіч сказаў, што інфармацыя пра тое, што яго збіваў Аляксандр Лукашэнка, — жарт.
Крывападцёкі на руках, якія былі бачныя на відэа пасля затрымання, — сляды ад сцяжак.
Раман заявіў, што цудоўна пачуваецца, не мае ні на што скаргаў, "ніхто да мяне і пальцам не дакрануўся". Ён заклікаў не ствараць чутак, бо закладнікамі гэтай сітуацыі з'яўляюцца яго бацькі ў Польшчы і Сафія Сапега (знаходзіцца ў СІЗА).
Я бачу, што маіх бацькоў выкарыстоўваюць: яны ездзяць па акцыях пратэсту і г.д. Я перакананы, што яны могуць бяспечна вярнуцца ў Беларусь.
"Мам, пап, не переживаете, у меня все отлично", — заявіў Пратасевіч.
Пратасевіч заявіў, што ніхто не прымушаў яго да супрацоўніцтва са следствам, да публічных выступаў. Ён сказаў, што разумее, «які ўрон нанёс дзяржаве і краіне і хоча выправіць гэтую сітуацыю». "Я нікому не здраджваю, нікога не здаю. Я проста супрацоўнічаю са следствам", — заявіў Пратасевіч.
Падчас прэс-канферэнцыі ў МЗС Раман Пратасевіч спытаўся ў прысутных журналістаў, ці вераць яны яму.
«Раман, я вам шчыра спачуваю. Вам шчыра спачуваюць многія вашы калегі ў Беларусі. Я магу ўявіць, што з вамі маглі зрабіць. І ніводнаму вашаму слову я не веру. Проста трымайцеся, проста перажывіце гэта», — сказала Пратасевічу журналістка БелаПАН Таццяна Каравянкова.
Раман Пратасевіч абвінавачваецца па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса:
арт. 342 "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх";
арт. 293 "Масавыя беспарадкі";
арт. 130 "Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы".
Соф'я Сапега была затрыманая па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства прадугледжанага 342 артыкулам КК (удзел у масавых беспарадках), таксама яна была прыцягнутая ў якасці абвінавачванай па іншай крымінальнай справе, якая расследуецца па частцы 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы).