НЕ - ВАЙНЕ!
1404

Мытня аэрапорта “Мінск-2” патрабуе 500 долараў за 40 кніг

19.01.2016 Крыніца: Паводле svaboda.org

З-за вялікага памеру мытнай пошліны, выстаўленай аэрапортам “Мінск-2”, 40 кніг пра беларускіх ветэранаў не трапілі на прэзентацыі супольнага беларуска-італьянскага праекту ў Мінску, Гомелі і Рэчыцы.

Як паведаміла Радыё “Свабода”, кнігу “Una luce per la Memoria, una luce per la Libertà” (“Святло ў імя памяці, святло ў імя свабоды”) з гісторыямі беларускіх ветэранаў, ахвяраў і сведак Вялікай Айчыннай вайны надрукавалі ў італьянскім горадзе Парма на італьянскай, рускай і беларускай мовах.

Зборнік праілюстраваны фотаздымкамі, якія паказваюць жыццё ветэранаў у сённяшняй Беларусі.

Паводле журналісткі Надзеі Калінінай, якая працавала над праектам, для прэзентацыі з Італіі ў Беларусь адправілі 40 асобнікаў. Але беларуская мытня запатрабавала выплаціць за кнігі мытную пошліну  больш за 500 долараў – “грошы, якіх гэтыя кнігі і не каштуюць”.

«Мы ведалі, што існуе мыта, але не разлічвалі на такі вялікі яе памер, з улікам таго, што кнігі прызначаныя не для продажу і былі дасланыя на адрас юрыдычнай асобы. Але правілы такія — калі пасылка важыць больш за 30 кілаграмаў, то трэба плаціць вялікія грошы», – цытуе Надзею Калініну Радыё “Свабода”.

У выніку кнігі, праляжаўшы два месяцы на складзе мытні, вярнуліся ў Італію.

Цяпер Надзея Калініна ды італьянскія партнёры шукаюць іншых спосабаў даставіць кнігі ў Беларусь.

У мытні Нацыянальнага аэрапорта “Мінск-2” Радыё “Свабода” адмовіліся каментаваць сітуацыю.

Выпадкі вынятку друкаванай літаратуры на мяжы. 2012-2015 г.г. (Табліца, абнаўляецца)

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!