419

«Мы прыйшлі да высновы: Мінск — сталіца Беларусі». На журфаку БДУ прааналізавалі якасць дыпломных работ і жахнуліся

26.09.2019 Крыніца: Nn.by

У распараджэнне «Нашай Нівы» трапіў дакумент-прэзентацыя з вынікамі аналізу дыпломных работ выпускнікоў факультэта журналістыкі БДУ за некалькі гадоў.

Наколькі вядома, ягоны аўтар — намеснік дэкана Уладзімір Сцяпанаў. Ён знаходзіцца на пасадзе ўсяго год, раней быў дарадцам-кансультантам аднаго з упраўленняў расфармаванага ІАЦ.

Уладзімір Сцяпанаў. Фота Kyky.org

Дык пра што гаворыцца ў ягоных высновах? 

Яны красамоўна аформлены карцінкамі, у якіх прыводзіцца канкрэтная абсурдная фраза і насупраць — выніковая станоўчая адзнака ці высокая ацэнка навуковага кіраўніка.

Так, напрыклад, аўтар аднаго з дыломаў прыйшоў да нечаканай навуковай высновы, што Мінск — сталіца Беларусі, і атрымаў у выніку 8 балаў. 

Першае сцверджанне наконт прымусовай падпіскі падаецца праўдзівым і трапіла ў прэзентацыю незаслужана.

Пры 63% плагіяту ў рабоце навуковы кіраўнік піша рэзалюцыю аб «высокім працэнце арыгінальнасці тэксту».

 

Сам Сцяпанаў каментаваць сваю работу «Нашай Ніве» не стаў, спаслаўшыся на заведзены парадак работы з прэсай праз начальства. 

Дэкан факультэта журналістыкі Вольга Самусевіч тлумачыць, што сенсацыі з гэтага дакумента рабіць не варта, бо «такая работа праводзілася заўсёды».

Вольга Самусевіч. Фота Tomin.by

Паводле яе словаў, сістэма антыплагіят часам можа ацэньваць папярэднія навуковыя публікацыі студэнтаў у іх жа дыпломах як плагіят, таму і лічбы ў кожнай рабоце трэба ацэньваць асобна.

Яна запэўнівае, што ўся неабходная работа па кантролі і павышэнні якасці дыпломаў вядзецца і не спыняецца. 

Вольга Самусевіч у кіраўніцтве журфака з 2008 года, калі стала намесніцай дэкана. Дэкан — з лета мінулага года.