209

«Мы не павінны тлумачыць». Журналістка курдзкага каналу NRT расказала, як яе не пусьцілі ў Беларусь

25.11.2021 Крыніца: Аляксей Знаткевіч, Радыё Свабода

«Нашая краіна ня хоча вас у нашай краіне».

«Я прыляцела ў менскі аэрапорт 22 лістапада, каб наведаць Беларусь і зрабіць рэпартаж пра сытуацыю зь мігрантамі на мяжы. Але ад таго, што адбылося, я пачувалася, быццам я нейкі „вялікі бос“ мафіі.

У мяне пашпарт Даніі, дзе ўказана, што я нарадзілася ў Іраку. І ў мяне адразу спыталіся: „Ці маеце вы сваякоў у Іраку?“ Я адказала, што так, але я вырасла ў Даніі.

Тады яны спыталіся, што я буду рабіць у Беларусі. Я расказала, што прыляцела на вакацыі і што таксама хачу пагутарыць зь мігрантамі на беларуска-польскай мяжы. І тады яны сказалі „Хадземце з намі“.

Мяне завялі ў пакой з двума афіцэрамі, якія не гаварылі па-ангельску. Калі я пыталася, што я такога зрабіла, яны толькі сьмяяліся і не адказвалі.

Потым прыйшоў нейкі малады афіцэр, які крыху гаварыў па-ангельску. Я патлумачыла, што паінфармавала амбасаду Даніі, што буду ў Беларусі з 22 па 28 лістапада. Тады яны зноў папрасілі мае дакумэнты, і я паказала ім сваю брытанскую прэс-карту. Яны забралі ўсе мае дакумэнты і зноў сказалі чакаць. Агулам я сядзела там больш за тры з паловай гадзіны.

А потым мне сказалі, што адмаўляюць ва ўезьдзе ў краіну. Я спыталася чаму. А яны адказалі: „Мы не павінны тлумачыць чаму“. І мяне ўжо 23 лістапада пасадзілі на самалёт у Стамбул, бо я прыляцела ў Менск з Турэччыны. Зь Лёндану ці з Даніі няма рэйсаў у Беларусь, а калі б я ляцела праз Маскву, дык мне спатрэбілася б віза.

Дарэчы, маё ірацкае імя Жыян Алі, але ва ўсіх дакумэнтах я Жыян Катарына Мобэрг, таму беларускія ўлады потым казалі, што ўвогуле ніякая Жыян Алі не прылятала ў Беларусь».

Памежны камітэт Беларусі назваў прычынай адмовы ва ўезьдзе тое, што ў журналісткі не было акрэдытацыі пры Міністэрстве замежных спраў. Вось што пра гэта кажа Жыян Алі:

«Ніхто не казаў мне, што ў Беларусь нельга ехаць без дазволу беларускага ўраду. Я маю міжнародную прэс-карту. І ў мяне грамадзянства Даніі, я магу легальна ўехаць у Беларусь.

«Нам не дазволена вам нічога казаць, вы мусіце ляцець назад у Турэччыну», — гэта ўсё, што мне сказалі. Я тлумачыла, што як журналістка я маю права ведаць, што адбываецца. Але яны толькі казалі: «Нашая краіна ня хоча вас у нашай краіне».

«Я працую на NRT — гэта грамадзкі канал, у нас мільённая аўдыторыя. Гэта вельмі вядомы канал у ірацкім Курдыстане. Мы вяшчаем па-курдзку, па-арабску, а таксама па-ангельску. Канал не належыць нейкай палітычнай партыі, і нашыя мікрафоны адкрытыя для ўсіх».

«Я ня ведала шмат пра Беларусь — ведала, што шмат мігрантаў з Іраку, у тым ліку курды, цяпер на мяжы Беларусі з Польшчай. У той жа час я чула шмат кепскіх рэчаў пра беларускую паліцыю і афіцэраў і пра тое, як яны абыходзяцца зь мігрантамі на мяжы».

«Я больш ніколі не хацела б наведваць Беларусь. Бо я не хачу быць у месцы, дзе калі ты просіш людзкага абыходжаньня, цябе не разумеюць. Таму больш ніколі! Не».

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!