192

Моладзевы фестываль-конкурс “Медыясфера-2020” адбудзецца ў анлайн-фармаце

15.04.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: COVID-19

У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй моладзевы фестываль-конкурс “Медыясфера-2020” у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адбудзецца ў анлайн-фармаце.

Як паведаміла карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” загадчыца кафедры журналістыкі ГрДУ Інна Мінчук, ІІ Рэспубліканскі моладзевы фестываль-конкурс “Медыясфера-2020” адбудзецца 5-6 траўня 2020 года ў інтэрактыўнай форме — у выглядзе анлайн-стрыму. Фэст быў запланаваны на 16-17 красавіка, аднак праз пашырэнне эпідэміі каранавіруснай інфекцыі Covid-19 у Беларусі было вырашана перанесці яго на пазней і змяніць фармат.

Да ўдзелу ў фэсце запрашаюць творчую моладзь ва ўзросце ад 14 да 31 гадоў з усёй Беларусі. Арганізатарамі мерапрыемства з’яўляюцца Мінадукацыі і Мінінфармацыі, упраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскі дзяржуніверсітэт імя Янкі Купалы.

Для прац удзельнікаў абраныя дзве ключавыя тэмы: “Можа, мала сябры яшчэ знаюць наш край” і “Alma Mater у маім лёсе”. Сёлета ГрДУ святкуе 80-годдзе з моманту свайго заснавання, апроч гэтага 2020 год абвешчаны Годам малой радзімы. Гэтыя чыннікі і абумовілі выбар тэм.

Першапачаткова мерапрыемства прадугледжвала заезд удзельнікаў, адкрыты паказ лепшых конкурсных прац, медыяквэст з падсумаваннем вынікаў, майстар-класы, цырымонію ўзнагароджання пераможцаў. (Пражыванне і харчаванне ўдзельнікаў планавалася здзяйсняць за кошт дзяржбюджэту.)

Аднак бягучая эпідэміялагічная сітуацыя ў Беларусі дыктуе свае ўмовы і патрабуе прытрымлівацца захадаў неабходнага сацыяльнага дыстанцыявання.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!