414

Міжнародны інстытут прэсы: Урад Беларусі спрабуе здушыць апошнія незалежныя СМІ

10.11.2021 Крыніца: Прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў

Міжнародная супольнасць не можа выпускаць з-пад увагі суровасць рэпрэсій у Беларусі.

Глабальная сетка Міжнародны інстытут прэсы (International Press Institute, IPI)  выказвае сур'ёзную заклапочанасць у сувязі з апошнімі намаганнямі дзяржаўных уладаў Беларусі па выкараненні ўсіх відаў незалежных СМІ, што засталіся ў краіне, і заклікае міжнародную супольнасць жорстка адрэагаваць на апошнюю серыю нападак на свабоду СМІ і свабоду выказвання меркаванняў.

4 лістапада сайты дзвюх вядучых арганізацый грамадзянскай супольнасці, якія дакументуюць рэпрэсіі, — Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) і Беларускага ПЭН-Цэнтра — былі заблакаваныя на тэрыторыі краіны Міністэрствам інфармацыі.

28 кастрычніка быў заблакаваны сайт нямецкай вяшчальнай кампаніі Deutsche Welle, а таксама медыя «Настоящее время» і «Новы Час». Намеснік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч абгрунтаваў абмежаванні тым, што заблакаваныя выданні публікавалі гіперспасылкі на матэрыялы навін СМІ, прызнаных дзяржавай «экстрэмісцкімі».

1 лістапада журналісты Ірына Слаўнікава і Сяргей Няроўны былі прызнаныя вінаватымі па розных адміністрацыйных справах аб «распаўсюджанні экстрэмісцкіх матэрыялаў» за тое, што падзяліліся ці ўпадабалі публікацыі на Фэйсбук-старонках незалежных медыя Белсат і Тут бай, якія летам былі забароненыя і прызнаныя беларускімі ўладамі экстрэмісцкімі.

Журналістку Ірыну Слаўнікаву затрымалі ў мінскім аэрапорце разам з мужам і прыгаварылі мінскім судом да 15 сутак арышту за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Журналіста-фрылансера Сяргея Няроўнага аштрафавалі на 580 беларускіх рублёў за тое, што летась ён лайкнуў пост Тут бай у Facebook.

20 кастрычніка ў рэдакцыі «Новага Часу», адной з нямногіх незалежных газет, якія ўсё яшчэ працуюць у Беларусі, быў праведзены ператрус. Галоўная рэдактарка Аксана Колб і намеснік галоўнага рэдактара Сяргей Пульша былі затрыманыя і дапытаныя. Абодвух адпусцілі пасля падпісання пагаднення аб невыдаванні інфармацыі па справе.

«Цяпер мы знаходзімся на той стадыі, калі простыя ўзаемадзеянні са старонкай незалежнага СМІ ў Facebook могуць прывесці да затрымання журналіста ў Беларусі, — гаворыць намеснік дырэктара Міжнароднага  інстытута прэсы Скот Грыфэн. – Абсурднасць усіх гэтых выпадкаў сведчыць аб беспрэцэдэнтным і нястомным пераследзе рэжымам Лукашэнкі ўсіх відаў незалежных або крытычных СМІ, а таксама арганізацый, якія дакументуюць сталыя злоўжыванні.

Журналістаў пераследуюць па сфабрыкаваных абвінавачаннях, штрафуюць і саджаюць у турму; іншых выціскаюць з краіны пагрозай крымінальнага пакарання; мясцовыя СМІ ліквідуюць, адвольна прысвойваючы ім статус «экстрэмісцкіх»; міжнародныя выданні блакуюць за спасылкі на навінавыя матэрыялы; групы грамадзянскай супольнасці, што дакументуюць злоўжыванні, закрываюць. Не будзе перабольшаннем сказаць, што мэтай урада зʼяўляецца поўная зачыстка апошніх крыніц незалежных навін або інфармацыі.

Вельмі важна, каб міжнародная супольнасць не выпускала з-пад увагі маштаб і сурʼёзнасць падаўлення свабоды СМІ ў Беларусі. Зварот 35 дзяржаў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве (АБСЕ) да Венскага механізму зʼяўляецца доўгачаканым крокам для таго, каб запатрабаваць неадкладных адказаў ад беларускага ўрада наконт парушэнняў правоў, у тым ліку свабоды СМІ».

 

Цяпер мінімум 29 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ утрымліваюцца ў следчых ізалятарах і калоніях. Са студзеня па верасень 2021 года было зафіксавана больш за 140 розных ператрусаў і рэйдаў у офісах незалежных СМІ і па месцы жыхарства асобных журналістаў, у выніку якіх было канфіскавана журналісцкае абсталяванне і тэхніка.

За той жа перыяд Міністэрства інфармацыі закрыла доступ да сайтаў больш чым 100 медыярэсурсаў, якія асвятлялі палітычныя навіны.

Дзве найстарэйшыя праваабарончыя арганізацыі краіны – Беларускі Хельсінкскі камітэт і «Прававая ініцыятыва» – былі ліквідаваныя Вярхоўным судом, у выніку чаго колькасць НДА, якія ўжо забаранілі або якія знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі, дасягнула 275.

У гэтым годзе Міжнародны інстытут прэсы прысудзіў узнагароду «Герой свабоды прэсы» Юліі Слуцкай, заснавальніцы і старшыні Прэс-клуба Беларусь. Слуцкая і некалькі яе супрацоўнікаў былі зняволеныя па сфабрыкаваным абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. У жніўні яна і чацвёра яе калег былі вызваленыя пасля васьмі месяцаў папярэдняга зняволення.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!