347

Міжнародная праваабрончая супольнасць асудзіла пераслед праваабронцаў і журналістаў у Беларусі

17.02.2021 Крыніца: spring96.org

Шэраг праваабарончых арганізацый выступілі з заявамі аб непрымальнасці сітуацыі, якая склалася вакол журналістаў і праваабронцаў з раніцы і на працягу ўсяго дня 16 лютага.

“Гэтыя ператрусы з'яўляюцца часткай непрыхаванай кампаніі запалохвання”, — сказаў прадстаўнік Human Rights Watch Х'ю Уільямсан. — “Беларускія ўлады пераследуюць праваабаронцаў і незалежных журналістаў, каб паспрабаваць знішчыць тое, што засталося ад грамадзянскай супольнасці Беларусі”.

Human Rights Watch нагадвае, што атака на журналістаў і праваабаронцаў адбылася напярэдадні 46-й сесіі Савета па правах чалавека ААН у Жэневе, дзе 22 лютага на парадку дня будуць рэпрэсіі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня.

“Савет па правах чалавека мусіць прыняць рэзалюцыю, якая асуджае парушэнні, здзейсненыя пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні, прадугледзець жорсткі кантроль і справаздачнасць у дачыненні да Беларусі, а таксама заклікаць да прыцягнення да адказнасці вінаватых у парушэннях”, — паведамляе Human Rights Watch.

“Ператрусы ў дамах актывістаў — гэта чарговая трывожная спроба беларускага рэжыму знішчыць іншадумства ў краіне”,заявіў Марк Берэндт з амерыканскай праваабарончай арганізацыі Freedom House. — “Улады павінны неадкладна спыніць сфабрыкаваныя крымінальнай справы і пакласці канец кампаніі пераследу праваабаронцаў і юрыстаў, якія адыгрываюць жыццёва важную ролю апошняга бастыёна абароны для сотняў людзей, якія пераследуюцца за свае палітычныя погляды. Напады на праваабарончыя арганізацыі, а таксама пастаянны ціск на адвакатаў, пагражаюць гэтай важнай крыніцы абароны і прывядуць да далейшай міжнароднай ізаляцыі Беларусі”.

Шведская праваабарончая арганізацыя Civil Rights Defenders заклікала беларускія ўлады неадкладна спыніць гэты абуральны наступ на праваабаронцаў, які накіраваны на запалохванне і, у рэшце рэшт, на іх замоўчванне.

“Мы таксама заклікаем міжнародную супольнасць выказацца ў падтрымку тых, на каго накіраваная гэта атака, выкарыстаць усе магчымыя каналы, каб асудзіць дзеянні ўладаў і нагадаць ім пра іх міжнародныя абавязальніцтвы”.

“Праваабаронцы ў Беларусі даўно адыгрываюць важную ролю ў прасоўванні правоў сваіх суграмадзян, нягледзячы на шматлікія праблемы. Таму вельмі трывожна чытаць навіны пра тое, што выглядае як спланаваная акцыя беларускіх уладаў па крымінальным пераследзе і запалохванні ў сувязі з мірнымі пратэстамі, якія адбываюцца ў Беларусі на працягу многіх месяцаў. Я заклікаю ўлады Беларусі паважаць правы праваабаронцаў у адпаведнасці з абавязальніцтвамі АБСЕ”,сказаў дырэктар БДІПЧ Матэа Мекачы.

Нагадаем, ад самай раніцы 16 лютага ў сябраў Праваабарончага цэнтру "Вясна", Беларускай асацыяцыі журналістаў і іншых актывістаў праходзілі ператрусы ў межах крымінальнай справы па арт. 342 Крымінальнага кодэкса. У правабаронцаў і журналістаў канфіскавалі тэхніку, дакументы і іншыя носьбіты інфармацыі. 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!