263

Мінскаму тэлеканалу аддалі плошчы музея, а таму нават пераехаць няма куды

03.12.2019 Крыніца: Аляксей Карпека, "Еўрарадыё"

Тэлеканалу СТБ перадалі будынак у Мінску, дзе цяпер знаходзіцца філіял Музея прыроды і экалогіі. Раней па гэтым адрасе — вуліца Казінца, 117 — размяшчаўся кінатэатр "Электрон". Тэлеканал атрымаў нерухомасць "шляхам бязвыплатнай перадачы". Кошт будынка на 1 кастрычніка — каля 400 тысяч долараў.

Дырэктар філіяла Музея прыроды і экалогіі Ігар Куракевіч, чый будынак аддаюць СТБ, прызнаўся Еўрарадыё, што пакуль што шукае месца, у якое можна было б пераехаць:

"У гэтым будынку адбываліся выставы і размяшчаліся фонды нашага музея. На цяперашні момант мы шукаем новае памяшканне. Пакуль няма пэўнасці, куды музей пераедзе".

Як так атрымалася, што будынак дзейнага музея вырашылі бязвыплатна перадаць тэлеканалу? У Ігара Куракевіча няма адказу на гэтае пытанне.

Для чаго тэлеканалу цэлы будынак былога кінатэатра? Магчыма, СТБ збіраецца пакінуць тэлецэнтр на вуліцы Камуністычнай — "гняздо" дзяржаўных тэлевізійнікаў? Намеснік гендырэктара СТБ Кірыл Казакоў расказвае "Еўрарадыё", што гэта не так:

"Будынак нам далі для пашырэння прасторы для здымак. Плануем там што-небудзь запусціць".

Будынак філіяла музея павінны быць перададзены тэлеканалу да 31 снежня 2019 года. Пра гэта гаворыцца ў пастанове Саўміна № 817 ад 28 лістапада 2019 года за подпісам Сяргея Румаса. Рэалізоўваць пастанову будуць Міністэрства інфармацыі і Міністэрства культуры.