945

Мінкульт зноў адмовіўся ўнесці ГА "БАЖ" у пералік творчых саюзаў

10.05.2018 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Міністэрства культуры другі раз адмовілася ўнесці ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у пераклік творчых саюзаў краіны. Пра гэта гаворыцца ў адказе міністэрства на зварот арганізацыі, які быў адпраўлены месяц таму.

У звароце ГА "БАЖ" падкрэслівалася, што тры чвэрці сябраў арганізацыі з’яўляюцца творчымі работнікамі, якія займаюцца творчай журналісцкай дзейнасцю. Наяўнасць публікацый у сродках масавай інфармацыі правяраецца падчас прыёму ў сябры арганізацыі. Да звароту была прыкладзена копія статута грамадскага аб'яднання.

Таксама ГА "БАЖ" падкрэслівае, што ад самага пачатку ў пералік творчых саюзаў быў уключаны Беларускі саюз журналістаў — арганізацыя, сябры якой займаюцца абсалютна аналагічнай творчай дзейнасцю.

Нягледзячы на гэта, у адказе Міністэрства культуры паведамляецца, што прадстаўленыя дакументы не ўтрымліваюць звестак аб тым, што ГА "БАЖ" дзейнічае ў мэтах рэалізацыі творчых здольнасцяў творчых работнікаў, развіцця творчага патэнцыялу і творчай ініцыятывы грамадзян у сферы культуры.

Першы раз Беларуская асацыяцыя журналістаў і Беларускі ПЭН-цэнтр прасілі ўнесці арганізацыі ў пералік творчых саюзаў у сакавіку мінулага года. Аднак абодва аб’яднанні тады атрымалі адмову.