1344

Міністр унутраных спраў пра збіццё журналіста TUT.BY: «Мы чакаем праверкі Следчага камітэта»

01.03.2016 Крыніца: TUT.by

«Мы чакаем праверкі Следчага камітэта», – заявіў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, адказваючы на ​​пытанне TUT.BY пра збітага журналіста Паўла Дабравольскага.

Сваю прэс-канферэнцыю Ігар Шуневіч пачаў з адказу на пытанне пра інтэрнэт-правакацыі ў дачыненні да міліцыі.

– У асноўнай масе публікацыі ў СМІ носяць канструктыўны характар, – лічыць міністр. – Але ёсць публікацыі, якія нічым іншым, як інфармацыйнай атакай, не з'яўляюцца. Калі казаць пра ацэнку, то гэта – інфармацыйная вайна. Але ваяваць МУС ні з кім не будзе, мы выконвалі і будзем выконваць працу максімальна прафесійна. Калі парушэнне закона відавочнае, то праваахоўнікі абавязаны рэагаваць. Калі нас правакуюць, нам хамяць, мы будзем рэагаваць.

Партал TUT.BY пацікавіўся ў міністра, чаму ніхто з прадстаўнікоў ведамства не стаў абмяркоўваць з журналістамі сітуацыю збітага супрацоўнікамі АМАП у Фрунзенскім судзе Паўла Дабравольскага.

– Хто лічыць, што наша ведамства закрытае? – пацікавіўся міністр у прысутных. – Бачыце, рукі паднялі два чалавекі з 45. Мы не закрытае міністэрства.

Па сітуацыі з Паўлам Дабравольскім міністр заявіў, што зараз міліцыя чакае вынікаў праверкі.

– Мы чакаем праверкі Следчага камітэта. Ведамства вынесе вердыкт, тое самае зробіць і Генпракуратура.

Нагадаем, 25 студзеня карэспандэнт TUT.BY Павел Дабравольскі павінен быў асвятляць «справу графіцістаў» у судзе Фрунзенскага раёна. Аднак пасля абеду стала вядома, што яго затрымалі, збілі і аштрафавалі.

На Паўла было складзена два пратаколы: за тое, што ён нібыта лаяўся матам, і па арт. КаАП 23.4 «Непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы». Яго прысудзілі да штрафу ў 45 базавых велічынь – 9 450 000 беларускіх рублёў.

Павел распавёў, што яго разам з іншымі затрыманымі збілі некалькі супрацоўнікаў АМАП.

Просьбу рэдакцыі разабрацца з інцыдэнтам ГУУС Мінгарвыканкама пакінула без адказу ў сувязі з тым, што «не прыкладзены дакументы, якія пацвярджаюць Вашы паўнамоцтвы».

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!