НЕ - ВАЙНЕ!
222

Міністр інфармацыі прыехаў у Івацэвічы і прапанаваў журналістам “пісаць праўду”

22.09.2022 Крыніца: Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў

Нагодай для працоўнага візіта  21 верасня  ў Івацэвічы міністра інфармацы Беларусі Уладзіміра Пярцова стаў асабісты прыём грамадзян, а таксама ўдзел у “прамой тэлефоннай лініі” з жыхарамі раёна.

Асобна праграма візіту міністра тычылася сустрэч з калектывам рэдакцыі дзяржаўнай раённай газеты “Івацэвіцкі веснік”. Цікава, што спачатку размова з журналістамі прайшла ў райвыканкаме — у межах “адзінага дня інфармавання”, калі чыноўнікі выязджаюць у рэгіёны для гутарак з насельніцтвам.

Як вынікае са справаздачы ў самой дзяржаўнай раёнцы, Уладзімір Пярцоў распавёў аб прычынах і падыходах у стварэнні медыяхолдынгаў пры некаторых рэгіянальных медыя. У чым адметнасць стварэння гэтых холдынгаў засталося незразумелым (у публікацыі пра гэта нічога не гаворыцца), аднак міністр падкрэсліў, што выступае за захаванне самастойнасці моцных рэдакцый.

Кіраўнік Мінінфарма адзначыў, што “журналісту ў раёне сёння трэба пісаць праўду, а фэйкі развенчваюцца маланкава самі па сабе”. Пахваліў працу рэдакцыі газеты “Івацэвіцкі веснік” у сацыяльных сетках і месенджарах і заклікаў журналістаў быць больш смелымі ў падачы матэрыялаў, бо “праўда сёння за дзяржаўнымі СМІ”.

Цікава, што пасля добрых слоў міністра на адрас супрацоўнікаў рэдакцыі дзяржаўнай газеты за здабыткі “ў ідэйна-змястоўным і фінансавым плане” і наяўнасць патэнцыялу для далейшага развіцця, журналісты “Івацэвіцкага весніка” пачалі цікавіцца ў Уладзіміра Пярцова пра “тонкасці манетызацыі інтэрнет-прасторы і магчымасці заробку ў Інтэрнеце, а таксама перспектывы пераходу на штотыднёвы выпуск раёнкі” (зараз газета друкуецца два разы на тыдзень).

Без ідэялогіі не абыйшлося. Міністр інфармацыі ўзгадаў пра “год гістарычнай памяці” і падкрэсліў, што “да падзей 2020 года ніхто не мог падумаць пра тое, што гісторыя стане такім важным ідэялагічным інструментам у фармаванні светапогляду вялікай часткі людзей”. Паводле  Пярцова, задача журналістаў зараз, калі амаль не засталося ў жывых сведкаў ваенных падзей: “раскрываць новыя факты, расказваць чытачу тое, што, магчыма, было ўпушчана”.

Пазней размова працягнулася ў памяшканні рэдакцыі газеты “Івацэвіцкі веснік”, дзе Уладзімір Пярцоў цікавіўся магчымымі цяжкасцямі ў працы дзяржаўнай раёнкі, а таксама планамі на абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

 

Чытайце яшчэ:

Нечакана выйшаў на волю журналіст Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч

Больш за 400 дзён за кратамі. Фігурантаў справы БелаПАН вярнулі ў суд

Вырак Ксеніі Луцкіной будзе абвешчаны 28 верасня. У апошнім слове Ксенія папрасіла суд аб гуманнасці

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!