1863

Міністэрства сувязі: Рашэнняў па блакаванні незалежных сайтаў не прымалася

11.02.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Рэгуляванне Байнэту

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі ў афіцыйным лісце на адрас ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” паведаміла, што не прымала захадаў па абмежаванні доступу да незалежных інтэрнэт-выданняў напрыканцы снежня.

Першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Дзмітрый Шадко адзначае, што парадак абмежавання доступу карыстальнікаў да асобных інтэрнэт-рэсурсаў вызначаны адмысловым Палажэннем, зацверджаным сумеснай пастановай Аператыўна-аналітычнага цэнтра і Міністэрствам сувязі. Паводле палажэння, спіс абмежаванага доступу фармуецца ў РУП “БелГІЭ”.

Разам з тым, Міністэрства сувязі паведамляе, што рашэнняў па абмежаванні доступу да незалежных інтэрнэт-выданняў (belapan.com, belapan.by, naviny.by, belaruspartisan.org, udf.by, 21.by, gazetaby.com, zautra.by, charter97.org.) міністэрствам нібыта не прымалася.

Такім чынам, ніводны з дзяржаўных органаў не ўзяў на сябе адказнасць за блакванне незалежных інтэрнэт-сайтаў у Беларусі з 19 на 22 снежня мінулага года.

Нагадаем, што 22 снежня ГА “БАЖ” накіравала ў Генеральную пракуратуру, а таксама ва Упраўленне МУС па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій (упраўленне “К”) і Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце афіцыйныя лісты. Арганізацыя заклікала гэтыя ведамствы правесці праверку незаконнага блакавання шэрагу сайтаў напрыканцы снежня (belapan.com, belapan.by, naviny.by, belaruspartisan.org, udf.by, 21.by, gazetaby.com, zautra.by, charter97.org.) высветліць асобаў, вінаватых у парушэнні заканадаўства, і прыцягнуць іх да вызначанай законам адказнасці.

Генпракуратура адпісалася яшчэ ў сярэдзіне студзеня. Ведамства запэўніла, што “не ініцыявала пытанняў, звязаных з абмежаваннем доступу да ўказаных у звароце рэсурсаў для ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў” і “інфармацыяй пра прыняцце дзяржаўнымі органамі ўказаных рашэнняў не валодае”.

ААЦ і МУС у сваю чаргу таксама праінфармавалі ГА “БАЖ”, што “захадаў па абмежаванні доступу да ўказаных у звароце інтэрнэт-рэсурсаў не прымалася” і “абмежаванняў на даступнасць указаных рэсурсаў не ўстаноўлена”.