633

Міністэрства інфармацыі просіць у “Газеты Слонімскай” тлумачэнняў наконт публікацыі пра крымінальны суд

08.01.2019 Крыніца: Мікола Канановіч для Baj.by

Жыхарка Слоніма Вольга Герасімчык звярнулася са скаргай у Міністэрства інфармацыі пасля публікацыі ў газеце матэрыялу Ганны Валадашчук “Загадчыца слонімскай дашкольнай установай разам з сынам апынуліся на лаве падсудных”.

Кіраўнік дзіцячай установы і яе сын абвінавачваюцца па ч. 2 арт. 210 КК РБ — крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейснены паўторна альбо групай асобаў па папярэдняй змове.

Крымінальная справа Вольгі Герасімчык са снежня 2018 года знаходзіцца на разглядзе ў судзе Слонімскага раёна. Карэспандэнт “ГС” пабывала на некалькіх пасяджэннях і зрабіла матэрыялы для газеты.

12 снежня 2018 года названы вышэй артыкул выйшаў у газеце, а ўжо 13 снежня падсудная напісала на яго скаргу ў Міністэрства інфармацыі, у якой абвінавачвае журналіста ў парушэнні яе канстытуцыйных правоў.

26 снежня на адрас рэдакцыі прыйшоў ліст з Міністэрства інфармацыі за подпісам намесніка міністра Паўла Лёгкага, у якім рэдакцыю да 3 студзеня просяць даць тлумачэнні па пералічаных у лісце гераіні публікацыі фактах.

Тлумачэнні рэдакцыя “Газеты Слонімскай” выслала ў Мінінфарм у патрэбныя тэрміны. Якім будзе наступны крок Міністэрства інфармацыі ў гэтай гісторыі — пакажа час. Тым часам чытачы з цікавасцю чакаюць, чым закончыцца судовая гісторыя загадчыцы дзіцячага садка і яе сына, якую асвятляе газета.