768

Міністэрства інфармацыі адмовілася вырашаць праблемы з распаўсюдам "Борисовских новостей"

05.02.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Распаўсюд СМІ

На пачатку студзеня 2018 г. галоўны рэдактар газеты “Борисовские новости” Анатоль Букас абскардзіў у Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь дзеянні Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта, якія перашкаджаюць заключаць дамовы на распаўсюд выдання праз гандлёвыя аб’екты.

Скаргу разглядзеў першы намеснік міністра І. У. Луцкі.

У адказе Анатолю Букасу ён паведаміў, што Барысаўскі раённы выканаўчы камітэт з’яўляецца самастойнай юрыдычнай асобай, якая не падпарадкоўваецца Міністэрству інфармацыі. Адпаведна, работнікі выканкама не знаходзяцца ў працоўных адносінах з Міністэрствам інфармацыі.

“У гэтай сувязі Мінінфарм не правамоцны прымаць меры рэагавання” да работнікаў выканкама. Па пытаннях выканання нормаў антыманапольнага заканадаўства Ігар Луцкі параіў звяртацца ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь.