2038

Мінінфармацыі заблакавала сайт «Спутник и погром»

25.01.2017 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Доступ да інтэрнэт-сайту sputnikipogrom.com абмежаваны. На сайце размяшчаліся экстрэмісцкія матэрыялы.

Загадам Міністэрства інфармацыі ад 2017/01/23 абмежаваны доступ да інфармацыйнага рэсурсу sputnikipogrom.com.

Падставай паслужыла рашэнне суда Цэнтральнага раёна г. Мінска аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыяламі інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на інфармацыйным рэсурсе sputnikipogrom.com, паведамляе прэс-служба Мінінфармацыі.

Дадзенае рашэнне суда было прынята з улікам экспертнага заключэння Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму.

У шэрагу матэрыялаў, апублікаваных на рэсурсе, утрымліваюцца прыкметы праявы экстрэмізму ў частцы інфармацыі, накіраванай на распальваньне нацыянальнай варожасці або розні, прапаганду перавагі альбо непаўнавартаснасці, на падставе іх нацыянальнай або моўнай прыналежнасці, а таксама гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь.

Распаўсюджванне такіх інфармацыйных паведамленняў забаронена ў адпаведнасці з артыкулам 38 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі".

Аднак раніцай 25 студзеня сайт sputnikipogrom.com быў яшчэ даступны для прагляду.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!