2889

Мінінфармацыі вынесла чарговыя папярэджанні за скарачэнне “РБ”

05.03.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Папярэджанні СМІ і журналістам

Выдавец грамадска-палітычнага штотыднёвіка “Борисовские новости” і газеты “Рекламный Боржоми” – прыватнае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “Букас медыя-цэнтр” – атрымаў два пісьмовыя папярэджанні ад Мінінфармацыі.

Пра гэта паведаміў прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” заснавальнік і галоўны рэдактар выдання Анатоль Букас.

Падстава – скарачэнне “РБ” замест “Рэспубліка Беларусь” у выходных дадзеных выдання. За гэта ж некалькімі днямі раней папярэдзілі рэдакцыю “Intex-Press” у Баранавічах (ТАА “Выдавецкі дом “Інтэкс-прэс””) і рэдакцыю “Ганцавіцкага часу” (ПВГУП “Медыя-Ганцавічы”).

Папярэджанні “аб недапушчэнні парушэння арт. 22 Закона аб СМІ” датаваныя 2-м сакавіка і падпісаныя міністрам інфармацыі Ліліяй Ананіч.

– Мы адрэагуем на папярэджанне і накіруем у Мінінфармацыі адказ у 10-дзённы тэрмін адказ, але я лічу, што гэта прыдзірка. Я думаю, што гэта – метад запалохваня напярэдадні прэзідэнцкай выбрай кампаніі. Перад выбарамі вырашылі нагадаць пра сябе і паказаць, што за намі пільна сочаць», – кажа Анатоль Букас.

Галоўны рэдактар нагадвае, што яго газеце ў ліпені споўніцца 23 гады.

– Хачу заўважыць, што «Борисовские новости» з кіёскаў «Мінаблсаюздруку» былі выкінутыя ў маі 2005 года – 10 гадоў таму. Часта за забойства людзі адбываюць па 10 гадоў, і іх рэабілітуюць. А мы дагэтуль не можам дачакацца, калі нас улады «рэабілітуюць» і дапусцяць у кіёскі, каб газета магла нармальна распаўсюджвацца.

Паводле Анатоля Букаса, калі ў 2005 годзе наклад газеты складаў 12 500 са спісаннем у 1%, то сёння ён скараціўся амаль на 50%.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!