228

Мінінфармацыі паведаміла, што ня мае права караць Міністэрства аховы здароўя за падман

30.04.2020 Крыніца: Svaboda.org Сюжэт: COVID-19

Намесьнік міністра інфармацыі Павал Лёгкі даў адказ на зварот з сайту Petitions.by, у якім аўтар і 211 падпісантаў прасілі прыцягваць да адказнасьці за фальшывую інфармацыю пра каранавірус, паставіўшы ў прыклад заяву міністра здароўя.

Міністар здароўя Ўладзімер Каранік 25 сакавіка заявіў, што нібыта «ў Эўропе няма санітарна-эпідэміялягічнай службы, і няма інфэкцыйных шпіталёў». Гэтак ён тлумачыў, чаму ў Беларусі сытуацыя з эпідэміяй каранавірусу пойдзе па іншым шляху, чым ідзе ў Эўропе. Гэта падман, і гэта абвяргаў шэраг крыніцаў.

У звароце сьцьвярджалася, што ня раз абвяргалася і інфармацыя ад беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў і дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА.

Павал Лёгкі ў адказе на пэтыцыю згадаў, што за няслушную інфармацыю пра каранавірус ужо каралі — прывёў у прыклад выпадак з выданьнем «Медиа-Полесье», якому вынесьлі папярэджаньне за паведамленьне аб сьмерці аднаго з хворых на COVID-19. Выданьне сьцьвярджала, што не змагло атрымаць адказаў з афіцыйных крыніцаў, таму зьвярнулася да знаёмага лекара — той сказаў, што пацыент памёр, ды памыліўся, а пра памылку неўзабаве паведамілі калегі пацыента, на сайце яе апэратыўна выправілі, выбачыліся перад жонкай пацыента.

«Што ж тычыцца інфармацыі, якая распаўсюджваецца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, то даваць ацэнку яе дакладнасьці Міністэрства інфармацыі ня мае права, — паведаміў Лёгкі. — Па атрыманьне тлумачэньняў па дадзеным пытаньні вы можаце зьвярнуцца непасрэдна ў Міністэрства аховы здароўя».

Якім чынам можна пакараць міністра за непраўдзівыя зьвесткі, ён не расказаў.

Пэтыцыя, на якую даў адказ Лёгкі, не адзіная рэакцыя на заявы Міністэрства здароўя, якія лічаць непраўдзівымі.

Былая дэпутатка Ганна Канапацкая 29 красавіка падала заяву ў Генпракуратуру на міністра аховы здароўя, у якой прасіла прыцягнуць Караніка да адказнасьці за «дзеяньні, накіраваныя на максымальны распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі» ў Беларусі, «увядзеньне ў зман шляхам унясеньня фальшывых зьвестак і запісаў у афіцыйныя дакумэнты па захворвальнасьці і сьмяротнасьці» і «дэзынфармаваньне насельніцтва адносна небясьпекі распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі».

Каб прыцягнуць да адказнасьці Караніка, «улічваючы асаблівы парадак прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці службовай асобы ў рангу міністра», яна прасіла зьвярнуцца па згоду да кіраўніка дзяржавы.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!