1256

Мінінфармацыі патрабуе тлумачэнняў ад сайта “Магілёўскі рэгіён" з-за матэрыялаў пра новы завод "Омсктэхвуглярода" ў горадзе

07.08.2017 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч запатрабаваў ад магілёўскага сайта прадаставіць інфармацыю пра артыкулы «Ці патрэбен Магілёву "Омсктэхвуглярод"?» і «Як Валерый Каплунат адрэагаваў на публікацыю «Магілёўскага рэгіёна».

Фота omskregion.info

Адпаведны ліст намесніка міністра ў рэдакцыі “Магілёўскага рэгіёна” атрымалі вечарам 3 жніўня, а ўжо 4 жніўня журналісты павінны былі адаслаць у Міністэрства інфармацыі падрабязныя тлумачэнні па абодвух матэрыялах.

ТАА «Омсктэхвуглярод» абвінаваціла магілёўскі рэгіянальны сайт 6tv.by у тым, што ён распаўсюдзіў інфармацыю, якая не адпавядае рэчаіснасці.

Па меркаванню кампаніі, тым самым журналісты нанеслі шкоду дзелавой рэпутацыі кампаніі, яе кіраўніка, і дзяржаўным інтарэсам Рэспублікі Беларусь. Таксама «Омсктэхвуглярод» лічыць недакладнай інфармацыю пра тое, што заводы па вытворчасці тэхнічнага вугляроду, адзін з якіх запускаецца пад Магілёвам, могуць ператварыць прылеглую тэрыторыю ў зону экалагічнага бедства.

Усяго Міністэрства інфармацыі просіць рэдакцыю даць тлумачэнні па пяці пунктах у матэрыяле «Ці патрэбен Магілёву «Омсктэхвуглярод?» і па двух пунктах у матэрыяле «Як Валерый Каплунат адрэагаваў на публікацыю «Магілёўскага рэгіёна».

Па словах галоўнага рэдактара “Магілёўскага рэгіёна” Зміцера Салаўёва, журналісты партала чыста фізічна не змаглі падрыхтаваць аргументаваны адказ Мінінфарму ў прызначаны тэрмін. Таму 4 жніўня ён даслаў ліст у Міністэрства інфарцыі, што адказ будзе падрыхтаваны да 11 жніўня. Таксама Салаўёў звярнуў увагу чыноўнікаў,  што патрабаванне Мініфарма не грунтуецца на дзеючым заканадаўстве.

Некалькі тыдняў таму Зміцера Салаўёва выклікалі ў УУС Магілёўскага аблвыканкама, дзе супрацоўнікі міліцыі спрабавалі атрымаць ад рэдактара “Магілёўскага рэгіёна” тлумачэнні наконт апублікаваных на сайце артыкулаў пра «Омсктэхвуглярод» і яго кіраўніка, даведацца інфармацыю пра іх аўтара. Як патлумачылі супрацоўнікі міліцыі, кіраўніцтва «Омсктэхвуглярода» звярнулася ў міліцыю са скаргай на сайт.

Салаўёў адказаў супрацоўнікам праваахоўных органаў на некаторыя пытанні, давеўшы да іх ведама, што падчас падрыхтоўкі артыкулаў былі выкарыстаны адкрытыя публікацыі ў расійскіх СМІ. Склавалася ўражанне, што тлумачэнні задаволілі супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

“Ні прадстаўнікі ТАА «Омсктэхвуглярод», ні старшыня савета дырэктараў прадпрыемства Валерый Каплунат не накіроўвалі на адрас 6tv.by ніякіх матэрыялаў са сваёй пазіцыяй наконт будуемага ЗТАА "Омск Карбон Магілёў" пад Магілёвам завода па вытворчасці тэхнічнага вугляроду. У выпадку атрымання такіх матэрыялаў яны абавязкова былі б апублікаваныя на нашым інтэрнэт-партале, мы заўсёды прадастаўляем выказаць свае меркаванне ўсім бакам”, — тлумачыць Салаўёў.

Аднак 4 жніўня на электронную пошту “Магілёўскага рэгіёна” прыйшоў запыт з Ленінскага РАУС г. Магілёва за подпісам яго начальніка А. Шчарбакова з патрабаваннем прадаставіць інфармацыю пра аўтара артыкула «Ці патрэбен Магілёву «Омсктэхвуглярод?» “у сувязі з узнікшай службовай неабходнасцю”.

Па словах журналістаў партала, у адказ у Ленінскі РАУС імі быў накіраваны ліст з просьбай паведаміць, у рамках расследавання якой крымінальнай справы супрацоўнікам міліцыі патрабуецца запытаная інфармацыя, калі і кім гэтая справа была распачатая.

“У адпаведнасці з артыкулам 39 Закона Аб СМІ, у іншым выпадку мы не можам раскрыць Вам запытаныя Вамі дадзеныя без згоды аўтара і крыніцы інфармацыі”, — праінфармавалі міліцыянтаў журналісты.

Крытычная інфармацыя пра «Омсктэхвуглярод» і яго кіраўніка Валерыя Каплуната на працягу шэрагу гадоў друкавалася ў омскіх і іншых расійскіх СМІ, адзначаюць журналісты “Магілёўскага рэгіёна”.

Зараз "ОмскКарбонГрупп" будуе свае прадпрыемства і ў Магілёве. На магілёўскім прадпрыемстве, у якое ўжо ўкладзена каля 95 млн еўра, плануецца выпуск высокаякаснага тэхнічнага вугляроду для шыннай прамысловасці ў колькасці каля 160 тысяч тон у год. Пробны запуск першай лініі намечаны на першы квартал 2018 года, а камерцыйная вытворчасць будзе запушчана ў другім квартале. На поўную вытворчую магутнасць завод выйдзе да 2020 года.

Жыхары пасёлкаў, якія прымыкаюць да межаў свабоднай эканамічнай зоны "Магілёў", дзе і пабудаваныя новыя цэхі, асцерагаюцца, што з выхадам прадпрыемства на поўную магутнасць тэрыторыі іх пражывання апынуцца ў зоне экалагічнага бедства з-за надзвычай шкоднай вытворчасці.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!