3605

Мінінфармацыі абмежавала доступ да сайта kyky.org

18.06.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Рэгуляванне Байнэту

«У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 года «Аб сродках масавай інфармацыі» 15 чэрвеня 2015 г. Міністэрства інфармацыі Беларусі прыняло рашэнне аб абмежаванні доступу да інфармацыйнага рэсурсу kyky.org...»

«З прычыны размяшчэння інфармацыі, распаўсюд якой здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь (падпункта 1.3 пункта 1 артыкула 38 Закона аб СМІ)», — гаворыцца ў паведамленні на сайце ведамства».

"У шэрагу публікацый, размешчаных на гэтым інфармацыйным рэсурсе, утрымліваюцца прыніжальныя выказванні ў дачыненні да дзяржаўнага свята Рэспублікі Беларусь — Дня Перамогі, грамадзян краіны, якія ў ім удзельнічаюць, аспрэчваецца значнасць гэтай падзеі ў гісторыі краіны, тым самым скажаецца гістарычная праўда аб Вялікай Айчыннай вайне. Таксама ў матэрыялах на сайце kyky.org прысутнічае табуяваная лексіка, грэблівыя, а часам і абразлівыя выказванні на адрас прадстаўнікоў пэўных сацыяльных груп, нацыянальнасцяў і рэлігійных канфесій", — адзначае міністэрства.

На знак салідарнасці з kyky.org некаторыя карыстальнікі ўжо пачалі размяшчаць апальны артыкул у сябе ў блогах.

Нагадаем, што права блакаваць інтэрнэт-сайты Міністэрства інфармацыі Беларусі атрымала 1 студзеня бягучага года пасля ўступлення ў сілу паправак у Закон "Аб СМІ", паспешліва прынятых напрыканцы 2014 года.

 

“Санкцыі ў Беларусі прымяняе орган, які не ўспрымае каштоўнасці свабоды слова”

Андрэй Бастунец, старшыня БАЖ  Старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец пракаментаваў прэс-службе арганізацыі сітуацыю з блакаваннем kyky.org:

“Паўнамоцтвы прымяняць санкцыі ў Беларусі атрымаў орган, які не ўспрымае каштоўнасці свабоды слова. ГА “БАЖ” ужо не раз падкрэслівала гэта. Як і тое, што механізм пазасудовага абмежавання доступу да сайтаў уяўляе сур’ёзную пагрозу свабодзе СМІ.

Падставы для блакавання сайта, на якія спасылаецца Мінінфармацыі, супярэчаць і Канстытуцыі Беларусі, і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Такія захады не толькі празмерныя, але і проста недапушчальныя ў цывілізаваным грамадстве.

Мінінфармацыі ўжо спасылалася на “канцэпцыю нацыянальнай бяспекі” пры вынясенні папярэджання “Народнай волі”. Мы бачым, што міністэрства абмяжоўвае дзейнасць нацыянальных медыя, вызваляючы тым самым прастору для замежных, у першую чаргу расійскіх, СМІ. А гэта, на маю думку, уяўляе значна большую пагрозу для нацыянальнай бяспекі.

 

На гэтую ж тэму:

KYKY.ORG заблакавалі «па просьбе» эмігранта Вячаслава Дзіянава

Старыкевіч: «Пытаньне толькі ў тым — закрыюць каго менавіта і калі менавіта»

Аляксандар Кныровіч: «Са свабодай слова гэта не спалучаецца ніяк»

Пяць спосабаў трапіць на заблакаваныя сайты