Міністэрства інфармацыі Беларусі зарэгістравала прыватнае прадпрыемства “Логвінаў” у Дзяржаўным рэестры выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюднікаў друкаваных выданняў.
Нагадаем, што менавіта адсутнасць такой рэгістрацыі і стала падставай для пакарання амаль у мільярд беларускіх рублёў, якое суд пастанавіў спагнаць з прадпрымальніка напрыканцы мінулага года.
Да гэтага прадпрыемства “Логвінаў” шмат разоў звярталася ў Міністэрства інфармацыі з дакументамі на рэгістрацыю ў рэестры, але ўвесь час атрымлівала адмовы.
Пасля судовага пакарання па ранейшым адрасе (пр-т Незалежнасці 37А) па дамоўленасці пачала працаваць іншая юрыдычная асоба. Аднак цяпер, па словах Ігара Логвінава, ён будзе вяртаць бізнэс у ранейшыя рамкі.
– На балансе “Логвінава” засталося вельмі шмат непрададзеных кніг. Таму, думаю, мы будзем вяртаць кнігарню у ранейшыя рамкі ў межах нашага прадпрыемства, – распавёў Ігар Логвінаў прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.