428

Мінінфарм запатрабаваў тлумачэнняў ад рэдакцыі “Борисовских новостей”

24.07.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Рэдакцыя недзяржаўнай газеты “Борисовские новости” атрымала ліст з Міністэрства інфармацыі, у якім першы намеснік міністра Павел Лёгкі просіць даць тлумачэнні адносна шэрагу публікацый на старонках выдання.  

Міністэрства інфармацыі

З ліста вынікае, што на “Борисовские новости” ў Мінінфармацыі паскардзіўся старшыня Барысаўскага райвыканкама Генадзь Дзенгалёў. Чыноўнік даводзіў, што газета парушыла заканадаўства. Пералік “парушэнняў” складаецца з чатырох эпізодаў.

Першы з іх тычыцца апублікаванага ў газеце артыкула “Праздник Великой Победы с горчинкой”. Барысаўскі выканкам сцвярджае, што ў ім была надрукаваная недакладная інфармацыя: “У газеце “Борисовские новости” пададзеная недакладная інфармацыя, што менавіта на гэтым месцы Барысаўскі райвыканкам забараніў пахаванне і ўсталяванне помніка”.

Другі факт тычыцца выкарыстання ў матэрыяле “Новые руководители в городе” інфармацыі і фотаздымка, узятых з сайта ўпраўлення ўнутраных справаў Мінаблвыканкама – “але спасылкі на крыніцу інфармацыі няма”. У гэтым жа артыкуле надрукаваны фотаздымак наноў прызначанай намесніцы старшыні выканкама Настассі Копікавай, “якая не давала сваёй згоды на размяшчэнне фотаздымка і ў адкрытых крыніцах гэтага здымка няма”.

Апошні факт “парушэнняў” выяўлены ў тым жа артыкуле і тычыцца зыходу з пасады начальніка аддзела ідэалагічнай працы Людмілы Гарнак з чэрвеня гэтага года. Барысаўскі райвыканкам лічыць, што гэтая інфармацыя заснаваная на чутках, што супярэчыць арт. 4 Закона аб СМІ.

Галоўны рэдактар “Борисовских новостей” Анатоль Букас у адказе ў Міністэрства інфармацыі аспрэчвае факты парушэнняў заканадаўства аб СМІ з боку рэдакцыі.

Ён адзначыў, што інфармацыя аб прапанаваным ветэрану Вялікай Айчыннай вайны А. Юшко месцы пахавання ўзятая з афіцыйнага адказу Барысаўскага райвыканкама і адпавядае яго зместу. Па факце выкарыстання інфармацыі і фотаздымка з сайта УУС Мінаблвыканкама Анатоль Букас патлумачыў, што сайт дзяржаўнага органа не з’яўляецца СМІ, а інфармацыя пра дзейнасць дзяржаўных органаў павінна быць агульнадаступнай, распаўсюд і прадстаўленне якой не абмежаваны.

Фотаздымкі Настассі Копікавай захаваліся ў рэдакцыі газеты з тых часоў, калі яна працавала ўрачом і пра яе працу “Борисовские новости” падрыхтавалі публікацыю. Што тычыцца зыходу з пасады начальніка аддзела ідэалагічнай працы, то гэтая інфармацыя адпавядае рэчаіснасці, бо з 1 ліпеня Людміла Гарнак на гэтай пасадзе не працуе.