1911

Мінікульт адмовіўся адмяняць пастанову, паводле якой БАЖ і ПЭН-цэнтр — не творчыя саюзы

07.04.2017 Крыніца: Прэс-служба якой ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

Міністэрства культуры адмовілася адмяніць пастанову № 7 ад 30 студзеня 2017 года, паводле якой ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і Беларускі ПЭН-цэнтр не ўвайшлі ў пераклік творчых саюзаў.

Пра гэта гаворыцца ў адказе міністэрства на калектыўны зварот БАЖ, Беларускага ПЭН-цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў, які арганізацыі накіроўвалі 15 сакавіка. Паводле міністэрства, статус творчага работніка, члена творчага саюза, пацвярджаецца творчым саюзам у парадку, устаноўленым менавіта статутам творчага саюза.

Нагадаем, што ГА “БАЖ”, РГА “Беларускі ПЭН-цэнтр”, ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” звярнуліся ў Міністэрства культуры з просьбаю патлумачыць, чаму гэтыя арганізацыі не ўвайшлі ў спіс творчых саюзаў. Разам з тым іншыя грамадскія аб’яднанні, сябры якіх займаюцца аналагічнай дзейнасцю, у гэты спіс увайшлі.

“Згодна з арт. 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, усе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў. Сітуацыя, калі па незразумелых і непразрыстых крытэрах адны з грамадскіх аб'яднанняў былі ўключаны Міністэрствам культуры ў пералік творчых саюзаў, а другія — не, ёсць паказальнікам дыскрымінацыйнага падыходу з боку міністэрства да шэрагу арганізацыяў і іх членаў, якія займаюцца творчай працай, што парушае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь”, — гаварылася ў звароце ў Мінкульт.

Тым часам, пакуль ішоў разгляд дадзенага звароту, Міністэрства культуры ўсё ж скарэктавала пастанову №7, вярнуўшы статус творчага саюза Саюзу беларускіх пісьменнікаў.