1429

Мінгарсуд адмяніў рашэнне па справе мінчука, які нібыта зняважыў прэзідэнта

03.06.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Крымінальная адказнасць за паклёп і абразу

Мінскі гарадскі суд 3 чэрвеня задаволіў касацыйную скаргу абаронцаў 79-гадовага жыхара сталіцы Аляксандра Лапіцкага, якому ў сакавіку суд прызначыў прымусовае псіхіятрычнае лекаванне. Пра гэта ГА “БАЖ” паведаміла адвакат Наталля Мацкевіч, якая ацаніла гэтае рашэнне станоўча.

Аляксандр Лапіцкі прысутнічаў на судзе, хаця і не выступаў. Цягам месяца можа быць прызначана дата перагляду справы.

Крымінальная справа супраць Лапіцкага была заведзена па артыкулах 391, 369, 368 Крымінальнага кодэкса (“Абраза суддзі альбо народнага засядальніка”, “Абраза прадстаўніка ўлады”, “Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”). Яго віна заключалася ў тым, што на працягу апошніх гадоў ён нібыта рассылаў са сваёй электроннай скрыні ў розныя органы дзяржаўнай улады паведамленні з абразамі.

12 красавіка суддзя Фрунзенскага райсуда Мінска Юлія Блізнюк прызнала мінчука псіхічна хворым і вызваліла ад крымінальнай адказнасці па згаданых артыкулах. Адначасова яна  вынесла пастанову накіраваць яго на прымусовае псіхіятрычнае лекаванне.

Адметна, што разам з пастановай суддзя вынесла прыватнае вызначэнне на адрас ТАА “Тут Бай Медиа”, на партале якога зарэгістраваная электронная паштовая скрыня, з якой Лапіцкі нібыта рассылаў паведамленні. Суддзя прадпісала ТАА “Тут Бай Медиа” спыніць доступ да электроннай паштовай скрыні з поўным яе выдаленнем.

Алег Волчак, кіраўнік арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву” (Україна), кажа, што касацыйная інстанцыя прызнала павярохоўнасць разбіральніцтва ў Фрунзенскім судзе.

“Абарона даказала, што ў судзе першай інстанцыі не было прадстаўлена дастатковых доказаў вінаватасці Лапіцкага, і аспрэчыла рашэнне па медыцынскай частцы – наконт яго нібыта неадэкватнасці. Наша пазіцыя была – наогул спыніць справу, бо ўсе дапушчаныя памылкі ўжо немагчыма выправіць судовым шляхам. У часе папярэдняга расследавання не былі знойдзеныя арыгіналы лістоў, якія нібыта рассылаў Лапіцкі ў дзяржаўныя органы. Незразумела, якім чынам яны паступілі ў гэтыя органы, з якога IP‑адраса, ці належыць электронная скрыня самому Лапіцкаму…”

Алег Волчак бачыць паралель паміж справай Лапіцкага і новай адміністрацыйнай справай Алены Максімавай, якая нібыта зняважыла чыноўніка ў сацсетках. Ён перакананы, што гэткія выпадкі трэба дакладна вывучаць – каб не дапусціць масавых спраў супраць грамадзян за крытыку ўладаў у інтэрнэце.