5181

Мінэканомікі бароніць «Белпошту»

28.07.2015 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Распаўсюд СМІ

Дэпартамент цэнавай палітыкі Міністэрства эканомікі не знайшоў парушэнняў антыманапольнага заканадаўства ў дзеяннях РУП «Белпошта», якое адмаўляецца заключаць дамову з незалежным выданнем «Intex-press».

ТАА «Выдавецкі дом «Інтэкс-прэс» 18 чэрвеня звярнулася ў дэпартамент цэнавай палітыкі Мінэканомікі з заявай пра парушэнне РУП «Белпошта» антыманапольнага заканадаўства ў частцы злоўжывання дамінуючым становішчам.

Выдавецкі дом атрымаў адказ 20 ліпеня. Дэпартамент у асобе яго дырэктара Ігара Фаміна пацвердзіў, што РУП «Белпошта» ўключана ў дзяржаўны рэестр гаспадарчых суб'ектаў, якія займаюць дамінуючае становішча на таварных рынках па пазіцыі «спецыяльная паштовая сувязь; паслугі па прыёме падпіскі, дастаўцы і пераадрасавання друкаваных сродкаў масавай інфармацыі».

Аднак «ўключэнне ў падпісны каталог не адносіцца да паслуг спецыяльнай паштовай сувязі, прыёму падпіскі, дастаўцы і пераадрасаваная друкаваных сродкаў масавай інфармацыі».

«Логіка адказу з дэпартамента зусім нам незразумелая і выглядае здзеклівай, – камэнтуюць у рэдакцыі. – Так, па падпісцы «на падставе заключаных дамоваў», прыёме падпіскі і дастаўцы «Белпошта» – манапаліст. А вось ўключэнне ў падпісны каталог не адносіцца, на думку спецыялістаў дэпартамента, да паслуг па прыёме падпіскі, дастаўцы і г.д. Гэта значыць, «Белпошта» абавязана на нас падпісваць і дастаўляць газету чытачам, паколькі прадпрыемства – манапаліст, але ўключаць нас у каталог, каб гэта зрабіць – не. Гэта проста нейкі абсурд».

Аналагічны ліст з Мінэканомікі атрымала нядаўна рэдакцыя недзяржаўнай «Газеты Слонімскай».

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!