859

Міліцыя выбачылася перад журналістам за непрафесійныя дзеянні падначаленых

28.02.2018 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Алег Каразей прынёс прабачэнні магілёўскаму журналісту Уладзіміру Лапцэвічу за непрафесійныя дзеянні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

https://baj.by/sites/default/files/event/preview/vladimir-lapcevich.jpg

29 красавіка мінулага года супрацоўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Канстанцін Кісцянёў і ўчастковы інспектар міліцыі Сяргей Калеснікаў не пусцілі ў залу пасяджэнняў адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва журналіста агенцтва БелаПАН.

У памяшканні павінен быў адбыцца сход чальцоў гаражнага кааператыва “Спадарожнік-2008”, ініцыяваны раённымі ўладамі. Чальцы кааператыва хацелі, каб пасяджэнне прайшло галосна, і запрасілі на сход карэспандэнта БелаПАН.

Аднак работнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі і добраўпарадкавання адміністрацыі раёна, які выступаў арганізатарам мерапрыемства, адмовіўся прапускаць у залу пасяджэнняў журналіста. Ён таксама адмовіўся выдаць кнігу заўваг і прапаноў на патрабаванне Лапцэвіча, калі журналіст пажадаў напісаць скаргу на дзеянні чыноўніка.

У сувязі з падзеямі амаль гадавой даўніны Міністэрства ўнутраных спраў прынесла прабачэння ў журналісту за непрафесійныя дзеянні падначаленых.

Кіраўніцтву міліцыі грамадскай бяспекі УУС Магілёўскага аблвыканкама таксама даручана арганізаваць правядзенне дадатковай праверкі па заяве Лапцэвіча, пра вынікі якой журналіст будзе праінфармаваны, — гаворыцца ў лісце Алега Каразея.

Раней ужо быў пакараны за нядбайную працу з дакументамі ўчастковы інспектар Ленінскага РАУС Магілёва Мікалай Ганчаронак, які згубіў заяву журналіста з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці чыноўніка.

Разам з тым Уладзімір Лапцэвіч па-ранейшаму працягвае дабівацца прыцягнення чыноўніка і ўчастковага інспектара да крымінальнай адказнасці за стварэнне перашкодаў законнай прафесійнай дзейнасці журналіста (арт. 198).