543

Міліцыя супраць адміністратара суполкі "ВКонтакце": суд стаў на бок блогера

28.12.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Суддзя Валянціна Лапаціна палічыла, што апытанне адміністратара старонкі Могилев.Live Аляксандра Ірхо не ўтрымлівала звестак, якія б ганьбілі дзелавую рэпутацыю міліцыі.

Разгляд справы ў судзе Ленінскага раёна г. Магілёва, які распачаўся 21 снежня, працягнуўся 27 снежня. На гэты дзень былі прызначаныя спрэчкі і вынясенне рашэння.

Прадстаўнікі УУС, старшы інспектар па прававым забеспячэнні аператыўнага аддзялення штаба Таццяна Мартынава і начальнік аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў Дзмітрый Ігнатовіч, пацвердзілі раней заяўленыя патрабаванні. Яны зноў заявілі пра тое, што Аляксандр Ірхо павінен прынесці прабачэнні за распаўсюд інфармацыі, якая ганьбіць дзелавую рэпутацыю УУС Магілёўскага аблвыканкама, і апублікаваць адпаведнае абвяржэнне.

Аляксандр Ірхо ў чарговы раз не пагадзіўся з тым, што апытанне магло нанесці страты рэпутацыі УУС Магілёўскага аблвыканкама і абласному ДАІ. Ён таксама заявіў, што суд павінен адмовіць у пазове па фармальных падставах. Ён спаслаўся на рашэнне пленума Вярхоўнага суда, у якім пазоў па абароне дзелавой рэпутацыі юрыдычнай асобы павінен разглядаць гаспадарчы суд.

Спрэчкі працягваліся каля гадзіны, пасля гэтага суддзя Лапаціна абвясціла перапынак да 16 гадзін.

У 16 гадзін Валянціна Лапаціна абвясціла рашэнне — у пазове УУС Магілёўскага аблвыканкама адмовіць.

Суд прыйшоў да высновы, што апублікаванае апытанне ў дадзенай рэдакцыі не сведчыць пра распаўсюд якіх-небудзь звестак, якія б ганьбілі рэпутацыю пазоўніка — ДАІ і УУС.

Пакуль не вядома, ці будуць прадстаўнікі УУС аспрэчваць рашэнне суда.

Нагадаем, што УУС Магілёўскага аблвыканкама абвінавачвала Аляксандра Ірхо ў размяшчэнні інфармацыі “негатыўнага, паклёпніцкага і правакацыйнага характару” у дачыненні да супрацоўнікаў ДАІ ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”. Аляксандр Ірхо 21 лістапада размясціў “ВКонтакте” апытанне “Якую суму грошай вы давалі супрацоўнікам ДАІ Магілёўскай вобласці”. Для адказу прапаноўвалася выбраць адзін з наступных варыянтаў: “Менш за 20 долараў”, “101 і больш долараў”, “Я пытанні без грошай вырашаў” і некалькі іншых. УУС палічыла такое апытанне абразлівым і падала супраць Аляксандра Ірхо пазоў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі ў суд Ленінскага раёна Магілёва.