325

Міліцыя “шукала відэатэхніку” ў віцебскага журналіста Вячаслава Лазарава

06.10.2020 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Двое супрацоўнікаў міліцыі прыйшлі з ператрусам у кватэру маці журналіста Вячаслава Лазарава, дзе ён зарэгістраваны.

80-гадовая жанчына спрабавала высветліць, чаму міліцыянты імкнуцца трапіць да яе ў жытло, але толькі ўнутры кватэры яны прачыталі ёй нейкі дакумент. Гаспадыня нават не паспела ўцяміць, што там напісана, як міліцыянты заявілі, што шукаюць відэатэхніку.

— Яны пыталіся, дзе я хаваю відэакамеру, ці начаваў я дома, дзе што знаходзіцца ў кватэры. Пазвалі ў якасці панятых нашых суседзяў. Урэшце рэшт нічога не забралі, паказалі маці, што склалі пра гэта пратакол, але зноў-такі не пакінулі пасля свайго візіту ніякіх афіцыйных дакументаў, —распавёў Вячаслаў Лазараў.

Журналіст кажа, што яму не вядома, ці распачатая супраць яго нейкая адміністрацыйная альбо крымінальная справа. Напрыканцы верасня яго ўжо выклікалі ў райаддзел міліцыі Кастрычніцкага раёна Віцебска, дзе ён патлумачыў, што з’яўляецца журналістам-фрылансерам, і што здымае ў Віцебску мірныя пратэсты паводле рэдакцыйнага задання “Белсата”. Тады пра адміністрацыйную справу пытання не паўставала: Вячаслаў Лазараў даводзіў, што не быў удзельнікам ніводнай з масавых акцый і працаваў там як журналіст, быў апрануты ў камізэльку з надпісам “Прэса”.

Пасля акцыі мірнага пратэсту ў мінулую нядзелю міліцыянты таксама наведваліся да маці Вячаслава Лазарава і прасілі перадаць, каб ён патэлефанаваў нейкаму супрацоўніку. Каму менавіта, жанчына не запомніла.

Журналіст кажа, што не хавае звестак пра сваю працу відэааператарам і што супрацоўнікі міліцыі добра ведаюць яго нумар тэлефона. Таму няма ніякага сэнсу ладзіць на яго аблавы і турбаваць сваякоў.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!