259

Міліцыя праводзіць праверку дзеянняў мастака, які галышом зладзіў акцыю супраць цэнзуры

09.10.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

 Vастак Аляксей Кузьміч 3 кастрычніка зладзіў акцыю пратэсту супраць цэнзуры: ён прыйшоў голым на ўласную выставу, а геніталіі прыкрыў шыльдай Міністэрства культуры.

Аляксей Кузьміч патлумачыў, што гэта пратэст. Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў (НЦСМ) арганізаваў выставу «Прысутнасць». Мастака Аляксея Кузьміча запрасілі прадставіць інсталяцыю «540» пра перавернуты свет постпраўды. Кузьміч пацікавіўся ў арганізатараў, ці будуць цэнзураваць працы. У адказ яго папрасілі не «выстаўляць эрэгіраваныя члены, бо выставу курыруе Міністэрства культуры».

Па выніку інсталяцыю Кузьміча адцэнзуравалі.

Фото: instagram.com/art_kuzmich

Сёння на сайце Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў з'явілася паведамленне, што па факце дзеянняў мастака міліцыя праводзіць праверку.

«Кузьміч А. А. дапусціў дзеянні, якія абражаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама яны пацягнулі значны ўрон дзелавой рэпутацыі цэнтра, — гаворыцца ў паведамленні. — Нацыянальны цэнтр заяўляе аб поўнай недатычнасці да дадзенай акцыі і рэзка асуджае любыя дзеянні і акцыі, якія праяўляюць цынічную непавагу да грамадства і яго дзяржаўных  інстытутаў. Цяпер праваахоўнымі органамі праводзіцца прававая ацэнка дзеянняў Кузьміча А. А.».