426

Міліцыя пераследуе віцебскага распаўсюдніка незалежнага друку Барыса Хамайду

12.02.2021 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Распаўсюдніка незалежнага друку, найстарэйшага віцебскага апазіцыянера Барыса Хамайду 11 і 12 лютага на некалькі гадзін забіралі ў аддзел міліцыі Чыгуначнага раёна. Яго адвозілі ў пастарунак проста з “працоўнага месца” — ад дома № 28 па вуліцы Леніна, дзе ён распаўсюджвае беларускую літаратуру і незалежную прэсу.

11 лютага з ім правялі прафілактычную гутарку, распавёў спадар Хамайда:

— Са мной размаўляў намеснік начальніка аддзела міліцыі. Распытваў, чаму я стаю каля “сіняга дома”, чаму ў мяне бел-чырвона-белы парасон. Сказаў, што бел-чырвона-белая сімволіка — гэта нядобра, і што мяне будуць забіраць кожнага разу, як толькі я з’яўлюся ў цэнтры горада. Нават прыгразіў, што ўся мая пенсія пойдзе на штрафы, і мне не будзе на што жыць. Я ж адказаў, што выходжу на гэтае месца ўжо больш за 20 гадоў, і мяне ніхто і нішто не спыніць.

Барыс Хамайда звярнуў увагу міліцыянтаў на тое, што практычна ніякай сімволікі ў яго і няма. Яшчэ ў снежні мінулага года падчас такога ж затрымання ў распаўсюдніка забралі сцяжкі, стужкі, паштоўку і нават вышываны рушнік з тэкстам малітвы “Ойча наш” — усё тое, чым ён аздабляў свой “распаўсюдніцкі пункт”.

Заставаўся толькі бел-чырвона-белы парасон. Але 12 лютага Барыс Хамайда нават не паспеў яго раскрыць, як зноўку з’явіліся міліцыянты і загадалі ехаць з імі ў пастарунак. Гэтым разам не было нават гутарак: распаўсюдніка проста пратрымалі пад вартай дзве з паловай гадзіны, а потым адпусцілі — прыкладна ў той самы час, калі ў Мінску скончыўся праўладны Усебеларускі народны сход.

Спадар Хамайда не выключае, што яго адмыслова “ізалявалі” менавіта на час мерапрыемства. Але намеснік начальніка міліцыі сказаў адну фразу, якая вымушае задумацца 68-гадовага распаўсюдніка: маўляў, сваім знаходжаннем у цэнтры Віцебска ён правакуе на гвалтоўныя дзеянні палітычных апанентаў. Барыс Хамайда згадвае, што ніякіх сур’ёзных канфліктаў апошнім часам у яго ні з кім не было, але цяпер асцерагаецца правакацый з боку міліцыянтаў. 

Месца каля “сіняга дома” (дома №28 па вуліцы Леніна, некалі пафарбаванага ў сіні колер) у Віцебску называюць “выспай свабоды”. Ужо 23 гады, як Барыс Хамайда прыходзіць туды практычна штодня, і пад бел-чырвона-белым парасонам распаўсюджвае незалежныя газеты, часопісы і кнігі. “Асартымент” мяняецца ў залежнасці ад таго, якое выданне трапіла пад забарону і мае цяжкасці з распаўсюдам.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!