2743

Міліцыя пагражае журналісту трыма пратаколамі

29.06.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Затрыманні журналістаў

На гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага могуць скласці пратаколы за дробнае хуліганства, непадпарадкаванне і абразу супрацоўніка міліцыі.

Пра гэта ён даведаўся 28 чэрвеня з тэлефанавання асобаў, якія назваліся супрацоўнікамі Лоеўскага РАУС і запрасілі журналіста прыехаць у аддзел для складання адміністрацыйных пратаколаў.

“Адзін з іх назваўся участковым Сычовым, –  паведаміў Службе маніторынгу ГА “БАЖ” Кастусь Жукоўскі. –  Ён сказаў, што ў дачыненні да мяне будзе складзена тры адміністрацыйныя пратаколы  – дробнае хуліганства (артыкул 17.1 КаАП), непадпарадкаванне законным патрабаванням службоўца (артыкул 23.4) і абраза супрацоўніка міліцыі (артыкул 23.4). Думаю, што лоеўскія міліцыянты пачалі дзейнічаць “на апераджэнне” – я напісаў заяву пра іх гвалт і здзек падчас затрымання 21 чэрвеня, калі мы з Аляксеем Атрошчанкам здымалі ў Лоеве сюжэт пра мясцовыя эканамічныя праблемы. Апрача таго, міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч публічна абяцаў “не пакінуць без увагі” інцыдэнт у Лоеве. Таму міліцыя і пераводзіць на мяне стрэлкі”.

Па словах Жукоўскага, 21 чэрвеня яны з Аляксеем Атрошчанкам здымалі мясцовы цагельны завод, які знаходзіцца ў гаротным стане. Тут іх сустрэлі супрацоўнікі ДАІ, якія сталі правяраць у Жукоўскага дакументы. У гэты ж час пад’ехала яшчэ адна міліцэйская машына з двума падпалкоўнікамі і старшым лейтэнантам. Адзін з іх выхапіў відэакамеру ў Атрошчанкі і кінуў яе ў машыну багажніка (пазней на ёй знайшлі трэшчыну). Атрошчанку пасадзілі ў аўтамабіль і павезлі ў РАУС, а Жукоўскаму інспектар ДАІ прадпісаў таксама ехаць туды дзеля высвятлення асобы.

У Лоеўскім райаддзеле з ім гутарыў намеснік начальніка міліцыі Генадзь Маджара. Паводле Жукоўскага, да рукапрыкладства дайшло менавіта ў часе размовы з ім.

“Я запытаўся ў Маджары, які мой статус у міліцыі і што з маім напарнікам? Паколькі са мной намеснік начальніка нібыта хацеў проста пагутарыць, я дастаў мабільнік, уключыў кнопку “аўдыёзапіс” і паклаў на стол – гутарыць дык гутарыць. Маджара чамусьці занерваваўся, загадаў выключыць. Я выключыў і схаваў тэлефон у кішэню. Тады Маджара стаў патрабаваць, каб я аддаў тэлефон. Адказваю, што я не супраць, але толькі пад пратакол. Ну, тут і пачалося. На мяне напалі трое – сам Маджара, міліцыянт у форме і яшчэ адзін у цывільным. Павалілі на падлогу, сталі заламваць рукі за спіну, надзелі кайданкі. Адзін з траіх каленам ціснуў на галаву, каб я не мог прыўзняцца з падлогі”.

“Калі ачуняў, запатрабаваў кнігу заўваг і прапановаў, дзе апісаў усё, што адбылося, – кажа Жукоўскі. – На запіс у кнізе адрэагаваў прадстаўнік раённага аддзела Следчага камітэта, які ўзяў у мяне тлумачэнні і заяву пра інцыдэнт і выпісаў накіраванне на судова-медыцынскую экспэртызу. Нас трымалі ў РАУС каля шасці гадзін, а пасля адпусцілі. Пратаколаў не складалі. Калі я вярнуўся ў Гомель, то схадзіў на экспертызу, бо ў мяне моцна балелі шыя, плячо і падпухлі запясці рук”.

Акрамя заявы ў Следчы камітэт, Кастусь Жукоўскі і Аляксей Атрошчанка падалі скаргу на імя начальніка абласной міліцыі, у якой указалі, што ў Лоеўскі РАУС іх даставілі без законных на тое падставаў і з прымяненнем гвалту. У пастарунку да Атрошчанкі сілу не ўжывалі.  

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!