1338 0

Міліцыя падправіла пратакол, і суддзя Застаўнецкая пакарала Ларысу Шчыракову штрафам

05.04.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: 22.9 КаАП

5 красавіка суддзя Гомельскага раённага суда Тамара Застаўнецкая з другога заходу пастанавіла аштрафаваць журналістку Ларысу Шчыракову за супрацу з тэлеканалам “Белсат” без акрэдытацыі на 25 базавых велічыняў – 5 мільёнаў 250 тысяч рублёў.

Першы адміністацыйны пратакол з Гомельскага РАУС, паводле якога Шчыракова падрыхтавала без акрэдытацыі ў прыгарадным пасёлку Бальшавік відэасюжэт “Барысаўская трагедыя можа паўтарыцца ў Гомелі” і размясціла  яго на сваёй старонцы ў Youtube і на мясцовы сайце “Сильные новости”, суддзя адпраўляла на дапрацоўку. У новым пратаколе стаў фігураваць ужо беларускамоўны спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”, які транслюе перадачы з тэрыторыі Польшчы.

“Было насамрэч так, як і напісана ў першым пратаколе. А што “Белсат” скарыстаў відэаздымкі с гэта ўжо іншая справа,  – кажа Ларыса Шчыракова. – Суддзя адпраўляла  пратакол на дапрацоўку, бо мяне не было за што штрафаваць. Яна ўзяла пад увагу рапарт маёра абласнога ўпраўлення міліцыі Лазоўскага, які дакладаў начальству, што “ў ходзе вывучэння відэазапісу “Барысаўская трагедыя можа паўтарыцца ў Гомелі” было ўстаноўлена, што “ён – уласнасць “Белсату”. На якой падставе зроблена такая выснова, мне невядома. У судзе я хадайнічала, каб на пасяджэнне выклікалі аўтара рапарту – маёра Лазоўскага, але суддзя Застаўнецкая адхіліла хадайніцтва. Я  выказала недавер суддзі, бо стала сумнявацца ў яе аб’ектыўнасці. Аднак адвод суддзя не прыняла і пастанавіла аштрафаваць мяне на 25 базавых велічыняў”.

У лютым 2016 г. у пасёлку Бальшавік Гомельскага раёна мясцовыя жыхары двух новабудаў скардзіліся на рэгулярнае намнажэнне чаду ў дамах — яны баяліся паўтарэння барысаўскай трагедыі, калі газам атруціліся шэсць чалавек. Людзі стукаліся ў розныя дзяржаўныя ўстановы, але іх не чулі. Шчыракова па просьбе сайта “Сильные новости” ездзіла ў пасёлак і запісала апасенні тамтэйшых жыхароў. Тэкст і відэасюжэт яна змясціла ў Youtube і перадала сайту “Сильные новости”. Скарыстаў відэаздымкі ў сваім выпуску і тэлеканал “Белсат”. Пасля публікацыі ў Бальшавік адразу ж прыехалі газавая служба, супрацоўнікі МНС і аператыўна ліквідавалі непаладкі.

“Дзе і што чыталі ці глядзелі газавікі, я не ведаю. Магчыма, іх начальства прымусіла альбо гэта было простае супадзенне. Але гэта і не так важна. Галоўнае, што непаладкі выправілі і трагедыя не паўтарылася. А мая віна тут у чым? Я маю права па Канстытуцыі збіраць і распаўсюджваць інфармацыю, і ніякая акрэдытацыя мне не патрэбная”, – лічыць  Ларыса Шчыракова.

Сёлета гэта ўжо чацвёрты аналагічны суд у дачыненні да незалежнай журналісткі. 

У двух выпадках – Савецкім судзе Гомеля і Светлагорскім раённым судзе –  адміністрацыйныя справы ў дачынені да  Шчыраковай былі спыненыя. А вось папярэдні разгляд адміністрацыйнай справы па ч. 2 арт. 22.9 КаАП у тым жа Гомельскім раённым судзе таксама скончыўся штрафам у памеры 22 базавых.

Абгрунтаванне неправамернасці прыцягнення да адказнасці журналістаў-фрылансераў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ

ГА “БАЖ” звярнулася ў Адміністрацыю Прэзідэнта з нагоды пераследу журналістаў-фрылансераў Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (Табліцы, абнаўляецца)