452

Міліцыя не прызнае пазоў блогера Павука за маральную шкоду

11.09.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У судзе Акцябрскага раёна 11 верасня адбыўся папярэдні разгляд пазову блогера, сябра ГА “БАЖ” Андрэя Павука да раённага аддзела міліцыі.

Сёлета ў сакавіку супрацоўнікі Акцябрскага РАУС западозрылі блогера  ў адпраўцы электроннага паведамлення на пошту абласнога ўпраўлення МНС пра тэрарыстычны акт — мініраванне будынка райвыканкама. У кватэры Павука міліцыя зрабіла ператрус, забрала на праверку камп’ютары, партатыўную відэакамеру і іншую тэхніку, якую ён выкарыстоўваў для падрыхтоўкі відэаролікаў і інфармацыйных паведамленняў у сацыяльных сетках.

Блогера затрымалі. Праз пяць гадзін следчыя раённага аддзела СК адпусцілі яго, паколькі не было падставаў трымаць далей пад вартай. Андрэй Павук, перш чым выставіць пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 25 тысяч рублёў, скардзіўся ў пракуратуру на гвалтоўныя дзеянні міліцыі, але тая не знайшла падставаў для пракурорскага рэагавання.

Блогер Андрэй Павук прад’явіў міліцыі пазоў за маральную шкоду

У судзе прадстаўнік РАУС, начальнік крымінальнага вышуку Міхаіл Шыловіч не прызнаў пазоў блогера. Тлумачыў, што супрацоўнікі міліцыі “дзейнічалі ў межах дзеючага заканадаўства”.

“Парушэнняў у іх дзеяннях пры выкананні службовых абавязкаў я не бачу”, — заявіў Шыловіч.

Пры гэтым прадстаўнік РАУС не прадставіў суду доказаў “дастатковых падставаў” для ператрусу і затрымання блогера.

“У мяне складваецца ўражанне, што ў міліцыі і не было тых “самых дастатковых падставаў”, каб мяне затрымліваць, рабіць вобшук у кватэры і распачынаць супраць мяне крымінальную справу. Гэта ўсё выглядае пераследам за маё блогерства і журналісцкую дзейнасць”, — сказаў Андрэй Павук карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ”.

Блогера абразіла тое, што яго, бацьку дваіх дзяцей, зрабілі ледзьве не тэрарыстам. Вінавацілі ў мініраванні Акцябрскага райвыканкама, а пасля і Мазырскага раённага суда.  Павук да гэтага часу не можа высветліць ні ў міліцыі, ні ў Следчым камітэце, ні ў пракуратуры, на якой падставе яго залічылі ў мінёры.

Суддзя Уладзімір Васілеўскі, які разглядае пазоў Андрэя Павука, прызначыў асноўнае пасяджэнне на 25 верасня а 14 гадзіне.

У якасці суадказчыка па справе выклікаецца ўпраўленне дзяржаўнага казначэйства па Гомельскай вобласці Галоўнага дзяржаўнага казначэйства Міністэрства фінансаў Беларусі.