172

Міліцыя не хоча прызнаваць публічна, што існуе палітычны вышук — Андрэй Павук

09.12.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Блогер і сябра ГА “БАЖ” Андрэй Павук з райцэнтра Акцябрскі атрымаў адказ на свой зварот з упраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама.

Павук прасіў правесці праверку наконт расследавання Акцябрскім РАУС пагрозы на яго адрас, а таксама даць прававую ацэнку сцвярджэнню ўчастковага інспектара Аляксандра Найшулера. У рапарце ўчастковы заяўляў: “Павук Андрэй нідзе не працуе, патрапіў у поле зроку міліцыі са сваёй апазіцыйнай дзейнасцю”.

Намеснік начальніка Гомельскага УУС Анатоль Васільеў у лісце ад 4 снежня паведаміў блогеру Павуку, што па выніках праведзенай службовай праверкі парушэнняў у дзеяннях супрацоўнікаў Акцябрскага РАУС не выяўлена.

“Атрымаць звесткі пра абанента, з нумара якога ў мабільным дадатку “Viber” былі накіраваныя паведамленні  з пагрозамі на Ваш адрас, у межах праверкі, праведзенай Акцябрскім РАУС, не ўяўлялася магчымым. Устаноўлена, што мабільны аператар зарэгістраваны на тэрыторыі замежнай дзяржавы (Філіпіны)”, — піша палкоўнік Васільеў.

Далей ён паведамляе, што ў вывучаных падчас праверкі матэрыялах Акцябрскага РАУС утрымліваецца інфармацыя наконт прыцягнення Андрэя Павука да адміністрацыйнай адказнасці. Аднак звесткі пра тое, што раней Павук “неаднаразова трапляў у поле зроку міліцыі ў звязку са сваёй апазіцыйнай дзейнасцю”, у іх адсутнічаюць.

Блогеру патлумачана таксама: адпаведна артыкулу 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, “кожнаму грамадзяніну гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. Ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх. Выказванне грамадзянамі палітычных поглядаў, рэалізаванае без парушэнняў крымінальнага і адміністрацыйнага заканадаўства, не з’яўляецца падставай для правядзення ў дачыненні да іх аператыўна-пошукавых ці іншых праверачных мерапрыемстваў”.

Нагадаем, у верасні напярэдадні слухання судовай справы аб спагнанні з міліцыі маральнай шкоды за абвінавачванні ў мініраванні будынкаў дзяржаўных устаноў, блогер Павук атрымаў у Viber пагрозу ад невядомых асобаў нібыта з філіпінскага нумара.

“Заўтра суд, і ты яго прайграеш, — пісалі ананімы.— Тэма з вобшукам была створаная для таго, каб ты задумаўся пра свае паводзіны, закрыў свой ванючы рот і ўладкаваўся на працу. Скажы дзякуй, што нічога не падкінулі. Калі будзеш займацца сабатажам і ачарненнем існуючай улады, будуць прымацца меры ў дачыненні да цябе. Сядзеш і твая (непрыстойнасць) жонка будзе перадачкі насіць”.

Андрэй Павук перакананы, што перад судом яго запалохвалі, учынялі псіхалагічны ціск, і рабілася гэта зусім не з далёкіх Філіпінаў.

“Рапарт участковага Найшулера пра тое, што я патрапіў у поле зроку міліцыі з-за сваёй апазіцыйнай дзейнасці, я асабіста чытаў у Акцябрскім РАУСу матэрыялах праверкі маёй заявы пра пагрозы. Проста міліцыя не хоча прызнаваць публічна, што ў нас існуе палітычны вышук і пераслед іншадумцаў”, — кажа блогер Павук.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!