229

Міліцыя не будзе выплачваць блогеру Павуку кампенсацыю

11.10.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Cуд Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці 11 кастрычніка пастанавіў адмовіць відэаблогеру, сябру ГА “БАЖ” Андрэю Павуку ў задавальненні пазову да  мясцовага райаддзела міліцыі на спагнанне маральнай шкоды ў памеры 25 тысяч рублёў.

 

Перад тым, як суддзя Уладзімір Васілеўскі, які разглядаў пазоў, выправіўся у дарадчы пакой, у судовай зале выступіў пракурор Акцябрскага раёна Андрэй Лявончык. Ён, па сутнасці, паўтарыў тое, пра што раней казала ў судзе прадстаўніца УУС Гомельскага аблвыканкама Валянціна Радзівонава.

 

Паводле слоў пракурора, дзеля задавальнення пазову на маральную шкоду дзеянні міліцыі пры затрыманні Андрэя Павука павінны быць прызнаныя незаконнымі ў крымінальна-працэсуальным парадку. Такой высновы няма.  Маўляў, раней Павук звяртаўся ў органы пракуратуры, у тым ліку і ў Генеральную пракуратуру. Парушэнняў не ўстаноўлена. Другая ўмова — затрыманне павінна быць незаконным і з гледзішча артыкула 939 Грамадзянска-працэсуальнага кодекса. Няма і такіх хібаў.

“Лічу, што ў задавальненні патрабаванняў пазоўцу трэба адмовіць”, — падагуліў пракурор Лявончык.

Начальнік крымінальнага вышуку Акцябрскага РАУС Міхаіл Шыловіч быў яшчэ больш лаканічным: падстаў для задавальнення пазову блогера няма — адмовіць.

Блогер Павук у спрэчках звярнуў увагу суда, што супрацоўнікі міліцыі блытыліся ў паказаннях, змянялі іх. Паведамленне пра мініраванне 20 сакавіка па першым часе тычылася будынка на вуліцы Савецкай, 58. Гэта гатэль. Нечакана замініраваным аказаўся райвыканкам. Казаў пра тое, што праз вобшук сілавікі атрымалі ў свае рукі  камп’ютары ды іншую тэхніку, каб “перапатрашыць” яе і, магчыма, знайсці зачэпкі для далейшага ціску і пераследу ўжо нібыта на законных падставах.

“Я лічыў і буду надалей так лічыць, што маё затрыманне 20 сакавіка і распачатая, а пасля хутка спыненая крымінальная справа за мініраванне — гэта палітычная замова на запалохванне мяне і маёй сям’і, каб выключыць мяне з блогерскай дзейнасці”, — заявіў Андрей Павук.

Службе маніторынгу ГА “БАЖ” блогер паведаміў, што пасля атрымання матывацыйнай часткі сённяшняга рашэння будзе кансультавацца з юрыстамі ГА “БАЖ” наконт яго абскарджвання ў Гомельскі абласным судзе.