435

Менскія школьнікі запісалі АЎДЫЁ, як настаўніца патрабуе грошы на падпіску. ВІДЭА

31.05.2019 Крыніца: Радыё Свабода

У рэдакцыю Свабоды даслалі аўдыё, на якім чуваць, як з вучняў 180-й сярэдняй школы Менску патрабуюць здаць грошы за падпіску на газэту і часопіс. У размове з клясай настаўніца пераходзіць на крык.

«Я што, сабе на помнік зьбіраю? Што, рубель восемдзесят такія вялікія грошы?» — падвышаным тонам зьвяртаецца да дзяцей настаўніца. І жаліцца, што за тых, хто адмаўляецца здаваць, яна будзе вымушана дакласьці з уласнай кішэні — а ў яе, маўляў, і так ужо ўласная падпіска на «Настаўніцкую газету».

У маларазборлівай размове вучняў на заднім пляне чуваць назва ведамаснага выданьня Міністэрства па надзвычайных сытуацыях «Юный спасатель» — яно рэгулярна фігуруе ў скаргах бацькоў і дзяцей на прымусовую падпіску.

Свабода спытала ў дырэктаркі СШ № 180 Ірыны Даніловіч, ці ёсьць у іхнай школе прымусовая падпіска на дзяржвыданьні.

«У нас такога быць ня можа, бо ўсе дзеці самі зацікаўленыя. Адназначна не», — адказала яна.

«Гэта банальны шантаж і вымагальніцтва»

«Гэта банальны шантаж і вымагальніцтва» — так пракамэнтавала сытуацыю з прымусовай падпіскай беларуская пісьменьніца і экспэртка ў галіне адукацыі Яўгенія Пастарнак. Летась яна зьвярталася з адкрытым лістом да галоўнага рэдактара газэты «СБ. Беларусь сегодня» з заклікам пакласьці канец прымусовай падпісцы на яго выданьне.

«Міністэрства адукацыі нядаўна выпусьціла чарговае распараджэньне аб тым, што ніхто ня мае права прымушаць нікога да падпіскі. Чарговае «бла бла бла». Фішка ў тым, што міністэрства гаворыць адно, а выканкамы — іншае. У школы сытуацыя незайздросная, таму што яна ў любым выпадку «атрымае па галаве». Калі яны ня будуць падпісвацца, «атрымаюць на галаве» ад свайго непасрэднага начальства — упраўленьня адукацыі выканкаму, таму што нормы на падпіску спускаюцца адтуль. А калі хто-небудзь выкладзе такі запіс і дакажа, што кагосьці прымушалі падпісвацца, то яны тым больш «атрымаюць па галавае», таму што Міністэрства адукацыі сказала, што нельга прымушаць падпісвацца. Яны — крайнія ў любым выпадку», — кажа Яўгенія Пастарнак.

Яна дадае, што ў сытуацыі з падпіскай «ўсё гэта на сумленьні бацькоў».

«Да таго часу, пакуль бацькі даюць грошы, пакуль яны падпісваюцца, гэтая агіднасьць будзе працягвацца».