430

Мазамбік увёў падатак на журналістыку

22.08.2018 Крыніца: Паводле Belsat.eu

У Мазамбіку (Паўднёвая Афрыка) уступае ў дзеянне ўказ, які фактычна ўводзіць «падатак на журналістыку», паведамляе «Human Rights Watch».

Замежныя карэспандэнты павінны будуць плаціць $ 2 500 за акрэдытацыю на разавую паездку ў краіну, або $ 8 300 за год працы ў краіне.

Мазамбік — адна з самых бедных краінаў свету. Больш за палову насельніцтва краіны жыве на $ 30 у месяц.

Мясцовым журналістам-фрылансерам давядзецца заплаціць $ 500 за права цэлы год «легальна» публікаваць свае артыкулы ў мазамбікскай прэсе. Мясцовыя журналісты, якія працуюць на замежныя медыі, абавязаныя заплаціць дзяржаве $ 3500 у абмен за гадавую акрэдытацыю.

«Журналісцкі падатак» будуць плаціць і самі СМІ (ад $ 34,5 тыс. да $ 69 тыс. у год).

«Накладанне збораў на журналістаў сур’ёзна паўплывае на іх здольнасць асвятляць кастрычніцкія муніцыпальныя выбары і на агульныя выбары 2019 года», – пракаментавала новаўвядзенне Дэва Мавінга, дырэктар паўднёваафрыканскага аддзялення «Human Rights Watch».

Паводле Эміліі Маяны, дырэктара Інфармацыйнага бюро Мазамбіку, "падатак на журналістыку" зʼяўляецца адказам на рынкавыя ўмовы і абумоўлены неабходнасцю падтрымання дысцыпліны ў медыях.