880

Майстар-клас у Глыбокім ад Класкоўскага і Коктыша

27.06.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У Глыбокім 25 чэрвеня прайшоў майстар-клас па напісанні артыкулаў на сацыяльна-эканамічную тэматыку, а таксама эсэ і фельетонаў. У ролі трэнераў выступілі Аляксандр Коктыш і Аляксандр Класкоўскі, а спазнаваць навуку з’ехаліся журналісты Віцебскай вобласці.

Паводле Аляксандра Коктыша, артыкул на сацыяльна-эканамічную тэматыку не павінен быць занадта вялікім па аб’ёме. Пажадана ўзбагачаць такія публікацыі інфаграфікай і прыкладамі з жыцця людзей – каб зрабіць матэрыял больш “чытабельным”. Вялікія па аб’ёме тэксты эксперт раіць разбіваць на раздзелы з падзагалоўкамі, а ў загалоўках да матэрыялаў – не забывацца на дзеясловы, якія надаюць дынамічнасці.

Аляксандр Класкоўскі на пэўны час паглыбіўся ў гісторыю і распавёў пра аднаго з першых вядомых эсэістаў і “блогераў”, англійскага паэта Уільяма Шэкспіра, нагадаўшы прыёмы пабудовы эсэ. Таксама акрэсліў розніцу паміж эсэ і фельетонам, звярнуў увагу на “закальцоўку” тэкста і выбар загалоўка для інтэрнэт-СМІ. Акрамя таго, эксперт падзяліўся з прысутнымі прыёмамі раскруткі тэкстаў у сацыяльных сетках і параіў пачытаць кнігу па журналістыцы Роя Пітэра Кларка “50 прыёмаў пісьма”.

Падчас трэнінгу журналісты практыкаваліся ў напісанні эсэ і зрабілі накіды ўласных артыкулаў на сацыяльна-эканамічную тэматыку. Як выказаліся ўдзельнікі трэнінгу, яны атрымалі шмат добрых парадаў пры напісанні артыкулаў і эсэ, структуравалі раней атрыманыя веды, карысна правялі час і пабывалі ў цёплай і сяброўскай атмасферы.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!