НЕ - ВАЙНЕ!
1172

Майстар-клас па прававой бяспецы журналістаў і прэзентацыя кнігі сябра БАЖ прайшлі ў Магілёве

15.02.2016 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У грамадскім цэнтры “Кола” у Магілёве 13 лютага адбылася сустрэча, прысвечаная прававой бяспецы дзейнасці журналістаў, для сябраў ГА “БАЖ” з Магілёўскай вобласці.

Удзел у мерапрыемстве ўзялі каля трыццаці журналістаў і грамадскіх актывістаў з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны.

Юрыст Аляксандр Жук падрабязна распавёў удзельнікам мерапрыемства  пра прававыя аспекты і асаблівасці працы журналістаў з інтэрнэт-рэсурсамі і сацыяльнымі сеткамі, а таксама адказаў на шматлікія пытанні прысутных. Найбольш цікавіла БАЖаўцаў Магілёўшчыны, якая зараз ёсць небяспека ў тым, каб адкрыта быць незалежным інтэрнэт-рэсурсам; ці ёсць магчымасць афіцыйнай рэгістрацыі сайта як СМІ і што яна дае; на што незалежныя журналісты маюць права, калі дзейнічаюць ад імя незарэгістраванага СМІ.

Удзельнікі дамовіліся, што наступная сустрэча па пытаннях прававой бяспекі журналістаў пройдзе ў Магілёве перад пачаткам выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў.

Пасля заканчэння мерапрыемства ў той жа зале сябар ГА “БАЖ”, кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі прэзентаваў калегам-журналістам і запрошаным гасцям сваю новую кнігу “Праект стратэгіі развіцця Круглянскага раёна да 2030 года”, адказаў на пытанні. У кнізе распавядаецца пра асноўныя праблемы Круглянскага раёна і шляхі іх вырашэння. Аўтар перакананы, што напрацоўкі па стратэгіі развіцця рэгіёнаў будуць абавязкова запатрабаваны ў далейшым пры змене палітычнай сітуацыі.

Пётр Сцяпанавіч Мігурскі з’яўляецца аўтарам больш за дзесятка кніг эканамічнай тэматыкі.

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!