3398

Марына Коктыш выйграла справу супраць Беларусі ў Камітэце па правах чалавека ААН

03.09.2014 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што правы журналісткі “Народнай волі” парушаныя пры адмове ёй у акрэдытацыі ў Палаце прадстаўнікоў беларускага парламента.

Справа з адмовай у акрэдытацыі цягнецца яшчэ з 2008 года. Журналістка звярталася з просьбай аб акрэдытацыі пры Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ, але без тлумачэння прычын атрымала адмову, хоць раней такую акрэдытацыю мела.

Рэдакцыя “Народнай волі” накіравала зварот да старшыні Палаты прадстаўнікоў. Адказаў газеце не спікер, а старшыня Камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Юрый Кулакоўскі. У вуснай форме ён патлумачыў, што журналістцы забаронены допуск у Дом ураду.

Пасля гэтага Марына Коктыш некалькі разоў звярталася ў суд, але сітуацыя з акрэдытацыяй журналісткі так і не змянілася. Цяпер жа справа намесніцы галоўнага рэдактара “Народнай волі” была разгледжаная на пасяджэнні Камітэта па правах чалавека ААН.

Сябры Камітэта прыйшлі да высновы, што беларускія ўлады пры адмове ў акрэдытацыі парушылі артыкул 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які гарантуе кожнаму чалавеку права на свабодны збор, пошук і распаўсюд інфармацыі.

– Безумоўна я рада, што міжнародная прававая супольнасць не забываецца на правы беларускіх журналістаў і падтрымлівае нас. Хоць я вельмі сумняваюся, што пасля дадзенага рашэння сітуацыя з маёй акрэдытацыяй неяк зменіцца, – распавяла Марына Коктыш прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.